Немагчыма спыніць ідэю — Партыя БНФ пра суд з нагоды яе ліквідацыі
Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў (справа) трэці год знаходзіцца ў зняволенні / Svaboda.org
Рашэнне Вярхоўнага суда аб ліквідацыі Партыі БНФ не зможа спыніць рух грамадства да пашырэння нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў, паколькі "немагчыма спыніць ідэю, час якой прыйшоў". Пра гэта гаворыцца ў заяве Партыі БНФ, апублікаванай у сувязі з разглядам у Вярхоўным судзе справы аб ліквідацыі партыі. Пасяджэнне прызначанае на сёння, 14 жніўня.
У партыі нагадалі, што нават не спрабавалі перарэгістравацца па новых правілах. Паколькі абноўлены закон "Аб палітычных партыях" патрабуе, каб партыі забяспечвалі "выкананне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам". А цяперашняя палітыка беларускіх уладаў цалкам супярэчыць ідэям руху БНФ.
"Партыя БНФ не мела ні палітычнага права, ні юрыдычных магчымасцяў прывесці сваю ідэалогію, праграму і практычную праграмную дзейнасць у адпаведнасць з новым законам і падпарадкавацца гэтаму патрабаванню для мэты перарэгістрацыі", — гаворыцца ў заяве. Аўтары ўспамінаюць і пра рэпрэсіі, пра кіраўніка партыі Рыгора Кастусёва, які з вясны 2021 года знаходзіцца ў зняволенні, пра загінулых за кратамі паплечнікаў Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна. Было ліквідавана грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэнне". А статутнай мэтай партыі з'яўляецца ажыццяўленне праграмы гэтага грамадскага аб'яднання. Аўтары заявы нагадваюць, што асноўныя праграмныя каштоўнасці Партыі БНФ — гэта свабода, незалежнасць, адраджэнне.
"Без іх беларуская дзяржаўнасць не можа быць паўнавартаснай, і яны абавязкова будуць рэалізаваныя ў Беларусі", — гаворыцца ў заяве партыі. Днём 14 жніўня стала вядома, што Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі партыі БНФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.