Нікарагуа і Беларусь: знайдзіце 0 адрозненняў
Рэжым у Нікарагуа вельмі падобны да беларускага
Днямі стала вядома, што Беларусь і Нікарагуа ўзаемна адмянілі візавы рэжым для турыстаў. Грамадзяне абедзвюх краін цяпер могуць знаходзіцца там без візы да 90 дзён у годзе. Рашэнне ўступіць у сілу праз месяц.
На Нацыянальным прававым партале сказана, што дакумент прыняты "для развіцця і паглыблення сяброўства і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Нікарагуа".
Прамых рэйсаў паміж Мінскам і сталіцай краіны Манагуа няма. Самы хуткі шлях, з мноствам перасадак, калі пашанцуе, зойме каля сутак. Зразумела, гэты варыянт падарожжаў наўрад ці будзе карыстацца вялікай папулярнасцю ў беларусаў.
Еўрарадыё вырашыла паглядзець, чым характэрная Нікарагуа і што агульнага ў яе палітычнай сістэмы з рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі.
“Братні народ”
Pozirk звярнуў увагу на тое, што таваразварот паміж краінамі настолькі малы, што пасольства Беларусі ў Рэспубліцы Куба (па сумяшчальніцтве адказвае за адносіны з Нікарагуа) не прыводзіць ніякіх лічбаў. З 2017 года ён няўхільна падаў і да 2021-га склаў усяго 1,2 мільёна даляраў.
Але актыўнае супрацоўніцтва Беларусь і Нікарагуа пачалі наладжваць параўнальна нядаўна. Хутчэй за ўсё, праз накладзеныя на Беларусь санкцыі рэжым шукае новыя рынкі збыту сваёй прадукцыі, зазіраючы ў тым ліку ў Лацінскую Амерыку.
Старшыня Нацыянальнай асамблеі Нікарагуа Арлінг Патрысія Алонса Гомес, здзяйсняючы візіт у Мінск, паведаміла, што народы і ўрады Беларусі і Нікарагуа — "несумненна братнія".
А Лукашэнка ў сваім віншаванні да Дня незалежнасці Нікарагуа ў кастрычніку мінулага года заявіў, што "актывізацыя кантактаў паміж Мінскам і Манагуа дасць адчувальныя вынікі ў найбліжэйшай будучыні, будзе спрыяць стабільнаму і стваральнаму развіццю дзвюх краін і росту дабрабыту грамадзян".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.