“Ніякіх вайскоўцаў як прадстаўнікоў Беларусі” — Лявончык пра амбіцыі каліноўцаў
Каліноўцы на заданні / t.me/belwarriors
“Асабіста я і блізка не хачу бачыць ніякіх вайскоўцаў як прадстаўнікоў Беларусі”, — кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё сузаснавальнік фондаў BYHELP i BYSOL Аляксей Лявончык.
Нагодай для такіх слоў сталі апошнія выказванні намесніка камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука пра недавер да некаторых прадстаўнікоў Пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай і гатоўнасць добраахвотнікаў прадстаўляць інтарэсы беларусаў на міжнароднай палітычнай арэне, у тым ліку ў перамовах з украінскім бокам. Ён таксама агучыў ідэю правесці новыя свабодныя выбары, у якіх змогуць узяць удзел і дэмакратычныя сілы нашай краіны… “у тым ліку”.
“Палітычныя амбіцыі — справа добрая, асабліва пасля 28 гадоў кіравання аднаго чалавека, — расказвае Лявончык. — Іншае пытанне, што ў цывілізаваным свеце, а мы, спадзяюся, як і Украіна, цэлім у цывілізаваны свет, ёсць такая рэч, як канфлікт інтарэсаў. Напрыклад, калі чалавек займаецца журналістыкай, ён не можа быць палітычнай постаццю, бо гэта ўжо не журналіст. Ты ці журналіст, ці палітычная постаць. Тое самае з гуманітарнымі высілкамі ў маім разуменні. Больш за два гады мы працягваем займацца дапамогай пацярпелым ад рэпрэсій. І калі б у мяне з’явіліся амбіцыі пайсці ў палітыку і, барані божа, я б пайшоў, праасацыяваўся са штабам Ціханоўскай, у маім разуменні гэта быў бы канфлікт”.
Для большага разумення суразмоўца параўноўвае сітуацыю з палітыкай бізнесоўцаў — калі тыя пачынаюць займацца палітычнай дзейнасцю і карыстаюцца гэтым, каб прапіхнуць інтарэсы сваіх бізнесаў. Маўляў, у тым, каб бізнесовец пайшоў у палітыку, дрэннага нічога няма, але кепска, калі чалавек пачынае карыстацца сваім службовым становішчам.
З іншага боку, сёння мы назіраем за пэўнай мілітарызацыяй палітычных сілаў. У адказ на запыт грамадства, якое, па ацэнках сацыёлагаў, радыкалізуецца, часткова мілітарызаваўся нават Аб’яднаны пераходны кабінет. Тады што дрэннага ў палітычных амбіцыях каліноўцаў, якія таксама адчуваюць гэты грамадскі запыт?
“Ва ўсіх гэтых працэсах няма нічога дрэннага саміх па сабе, але на іх трэба глядзець пад вуглом таго, куды мы ідзём, — заўважае Лявончык. — Калі мы ідзём у кірунку дэмакратычнай супольнасці, якая існуе на Захадзе ад Беларусі, то там прыняты абсалютна іншыя стандарты. Па-першае, стандарт выбарнасці. Нехта абіраў полк Каліноўскага? Не. Больш за тое, мы нават не ведаем, хто ў гэтым палку служыць. Гэта зразумела з пункту гледжання бяспекі. Што да Ціханоўскай — так, мы не ведаем вынікаў выбараў, але мы дакладна ведаем, што яна прайшла ў другі тур. Па дадзеных са шматлікіх выбарчых участкаў мы бачылі, што Лукашэнка займаў як мінімум другое, як максімум — трэцяе-чацвёртае месцы і амаль заўсёды на першым месцы была Святлана Ціханоўская. У выніку, калі не было сапраўдных выбараў, немагчыма сказаць, хто сапраўды выйграў, але па ўскосных дадзеных Ціханоўская мае гэты мандат. На жаль, лепшага варыянту ў нас няма. Ва ўсялякім выпадку, Святлана Ціханоўская — чалавек, якога можна праасацыяваць з імем і абліччам. Яна мае пэўную легітымнасць пасля гэтых так званых выбараў і можа прызначаць людзей у Кабінет, якія таксама маюць аблічча, імёны, да іх можна паставіць пытанні. Каліноўцаў ніхто не абіраў, хлопцы самі добраахвотна паехалі ваяваць ва Украіну”.
На ўсялякі выпадак Лявончык нагадвае: у тым, што мы не ведаем імёнаў ваяроў палка, няма нічога кепскага. Гэтыя людзі павінны займацца сваёй справай, а іх сваякі ў Беларусі павінны заставацца ў бяспецы.
Але палітыка прадугледжвае, па-першае, пэўны стандарт легітымнасці. Гэта азначае, што чалавек хоць ускосна, але павінен быць абраным. Полк Каліноўскага не быў абраны.
Па-другое, — стандарт транспарэнтнасці. Гэта азначае, прынамсі, што мы разумеем, хто намі кіруе. Калі полк Каліноўскага хоча кіраваць Беларуссю, ён не можа кіраваць ёю як полк Каліноўскага. Давядзецца адкрываць свае абліччы.
“І яшчэ, пра што я кажу заўсёды, Валерый Сахашчык ды Аляксандр Азараў патрэбны ў Кабінеце дзеля таго (у маім разуменні галоўная іх функцыя), каб там былі асобы, з якімі ў выпадку Рэвалюцыі 2.0 (а гэта будзе, бо сацыяльны кантракт паміж Лукашэнкам і народам не абнаўляўся, а пратэсны патэнцыял у нас застаўся) сілавікі на пасадах маглі б звязвацца і атрымаць нейкія гарантыі. Гэта тое, чаго не было ў 2020 годзе. Гэта адзіная рэч, як я лічу, якая нам перашкодзіла забраць уладу два гады таму. Сілавікам не было з кім размаўляць, а Ціханоўская дзейнічала рэактыўна”.
Тым не менш, нагадвае Лявончык, у 2020 годзе людзі не выходзілі на вуліцы за нейкія абстрактныя асобы. Выходзілі за свабодныя выбары і Ціханоўскую, як мінімум як за сімвал, якім стала яе постаць:
“Так, гэта было пратэснае галасаванне. У любой краіне пасля дыктатуры адбываецца пратэснае галасаванне. Але людзі выходзілі за Ціханоўскую, ніхто не выходзіў і не махаў рукамі за полк Каліноўскага. Нехта скажа: “Не за яе, а супраць Лукашэнкі”. Якая розніца? Усё роўна яна першая за 28 год атрымала легітымны мандат. Гэта быў самы легітымны мандат, які можна было атрымаць у Беларусі за такі час.
Што тычыцца вайскоўцаў пры ўладзе, яшчэ раз адзначу: тут няма транспарэнтнасці, легітымнасці і яшчэ ніколі вайскоўцы лёгка ўладу не аддавалі. Асабліва калі за імі стаяла іншая дзяржава”.
Каментуючы недавер Вадзіма Кабанчука да некаторых прадстаўнікоў Кабінета, Аляксей Лявончык задае пытанне: “А хто такі сам Кабанчук, каб яму давяраў асабіста я і тыя беларусы, якія сядзяць за пратэсты ў 2020 годзе?”
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.