Nizkiz: "У Магілёве ніхто і не ведае, што мы перамаглі ў нейкіх конкурсах"
Пра фестывальныя перамогі, новы альбом і саўндтрэк, заняпад альтэрнатывы ў Магілёве, Еўрарадыё распавялі Дзіма Халяўкін, Саша Ільін і Дзіма Садавы.
"Беларусаў на замежных фестывалях лічаць правінцыяламі"
Еўрарадыё: Як усё прайшло на фінальным адборачным туры на фестываль Emergenza ў Маскве?
Дзіма Садавы: Сваім выступам мы задаволеныя. Пасля таго, як паглядзелі на сэты іншых каманд, мы задумаліся, чаго можна дадаць у свае выступленні.
Дзіма Халяўкін: Насамрэч, Emergenza пакінула дваякія ўражанні. Гэта ўжо зусім іншы ўзровень.
Саша Ільін: Агульная адчуванне, што беларусаў на такіх фестывалях лічаць правінцыяламі. Паводле лёсавання, якое праходзіла вельмі дзіўна, нас па незразумелых прычынах паставілі ў самы пачатак канцэрта. Былі моманты, калі было відавочна што, што адны з членаў журы пратэжуюць каго-небудзь з канкурсантаў. Гукарэжысёрам даваліся парады: "Звярніце ўвагу, цікавы калектыў". Таму, вядома, ніхто не чакаў, што мы патрапім у пяцёрку. Але ў выніку мы занялі 5 месца з 16.
Дзіма Садавы: Тым не менш, ніякіх крыўд у нас няма. Мы лічым, што ўсе цяжкасці, якія ўзнікаюць на шляху, — гэта нейкая загартоўка і праверка гурта на трываласць. Таму, чым цяжэй пачатковы шлях, тым смачнейшымі і саладзейшымі будуць плады.
Еўрарадыё: Дзіўна чуць пра "правінцыялаў", бо беларуская сцэна славіцца як вельмі модная і цікавая. А No Comment Band выйгралі адбор на Emergenza ў 2011 годзе і з'ездзілі ў Германію!
Дзіма Халяўкін: Магу сказаць толькі, што многія з фіналістаў Emergenza былі значна слабейшымі, чым фіналісты беларускага адбору. Гэта проста выпадак. Як у спорце — часам, пераможцу вызначаюць нейкія долі секунды. Так і тут.
Еўрарадыё: Якія высновы для сябе зрабілі?
Дзіма Халяўкін: У гэтым сезоне ў нас вельмі шмат канцэртаў, таму будзем максімальна працаваць над выступамі. Потым ужо, па выніках, напэўна, усё ўзважым і падсумуем.
Дзіма Садавы: Выступы на розных пляцоўках фармуюць здольнасць граць з любога становішча. Гэтая ўпэўненасць адчуваецца гледачамі і шмат у чым уплывае на вынік. Гэтым, да прыкладу, адрозніваўся Краснаярскі гурт Rocco, які ў выніку перамог у расійскім фінале Emergenza.
Еўрарадыё: Штосьці мы не разглядзелі ў вас няўпэўненых музыкаў. У прыватнасці, падчас беларускіх адбораў.
Саша Ільін: Мы любім працаваць у кантакце з гледачом. Паколькі па выніках лёсавання мы выступалі чацвёртымі, людзей на танцпляцы практычна не было. Але пасля нашага выступу падышоў адзін з прадстаўнікоў фестывалю, які прыязджаў у Беларусь на адборачныя туры, паціснуў руку і сказаў: "Другі раз вас сёння ўбачыў і зразумеў, што недарма адабралі вашу каманду". Пасля чаго выказаў надзею на хуткую сустрэчу. А сустрэнемся мы ўжо на фестывалі "Соседний мир"!
"Толькі не гавары слова "дарослы"!"
Еўрарадыё: Навошта вам ўдзел ва ўсіх гэтых конкурсах? Нейкі фідбэк атрымліваеце?
Дзіма Садавы: Гэта цікава! Гэта дарога, сам выступ, эмоцыі, аддача гледача, камунікацыя. Хочацца знаёміцца з новымі людзьмі, бачыць новыя месцы, набірацца сцэнічнага досведу. Гэта як допінг.
Еўрарадыё: Як самі думаеце: што змянілася з мінулага года, калі паўдзельнічаўшы ва ўсіх тых жа адборах, вы не прайшлі ні на адзін фэст? У гэтым жа годзе перамаглі ва ўсіх фіналах!
Дзіма Халяўкін: Паднабраліся досведу — выйшлі на наступны этап. Цяпер патрэбны досвед вялікіх пляцовак, каб рухацца да яшчэ больш сур'ёзным конкурсаў і фестываляў. Не адразу такія вяршыні бяруцца. Гэта значыць, бывае, але гэта адзінкавыя выпадкі.
Саша Ільін: Немалаважную ролю адыграў, вядома, выхад нашага альбома. Каб нас пачула яшчэ больш людзей!
Дзіма Садавы: А новы сінгл "Держи " паказвае, у якім кірунку будзе рухацца гурт. Думаем, новы матэрыял будзе нейкім іншым.
Еўрарадыё: Якім?
Саша Ільін: Нам здаецца, што альбом атрымліваецца больш вясёлым, больш простым, але і больш цікавым. Наша канцэпцыя ўсё ж у разнастайнасці. Мы не збіраемся распавядаць у нашых тэкстах "легенды" даўжынёй у альбом. Стылістыка не мусіць абмяжоўваць.
Дзіма Садавы: На дадзены момант у нас ёсць 12 кампазіцый для другога альбома.
Дзіма Халяўкін: Гэта жарт, насамрэч, песень 5-6!
Еўрарадыё: Здаецца, нехта з вас прагульвае рэпетыцыі!
Дзіма Халяўкін: Розныя песні цяпер на розных стадыях. На дадзены момант у нас гатова 6 кампазіцый, але ідэй сапраўды значна больш!
Саша Ільін: Цяпер мы пакатаемся па фестывалях, і гэта вялікі плюс! Мы зможам зразумець, чаго хочуць людзі ад нашай музыкі, і наколькі гэта супадае з тым, чаго хочам мы. Ды і проста выветрыць галаву, каб гэтыя кампазіцыі не былі выпакутаваныя.
Дзіма Садавы: Новы матэрыял больш глыбокі у музычным плане. Нашы аранжыроўкі сталі не такімі прамалінейнымі.
Саша Ільін: Толькі не гавары слова "дарослы"! (Смяюцца)
Дзіма Садавы: Што ты! Усе мы пакуль яшчэ дзеці!
Дзіма Халяўкін: Гэты матэрыял іншы, так, але не з-за крытыкі першага альбома. Проста хочацца расці!
"Здымаем адразу тры кліпы... Нават чатыры!"
Еўрарадыё: Ці не баіцеся сіндрому другога альбома?
Саша Ільін: Самае цікавае, што канкрэтна я наогул за яго не хвалююся. Гледзячы на першы альбом, я не магу сказаць, што ў ім я дамогся піка, да прыкладу. Але можна дакладна сказаць, што другі альбом не будзе падобны на першы.
Еўрарадыё: Да канца года скончыце працу над альбомам?
Саша Ільін: Не хочацца абяцаць, але спадзяемся!
Дзіма Халяўкін: Усё будзе паступова. Думаю, за восень дапрацуем песні. Цяпер вялікі прыярытэтам у нас з'яўляецца не праца над альбомам, а праца над кліпамі. Іх у нас будзе адразу некалькі.
Дзіма Садавы: Кліпы цяпер з'ядаюць ўсю нашу энергію. І бюджэт! (Смяюцца) Рыхтуем адразу тры відэа.
Саша Ільін: Адно з іх будзе на песню, выбару якой ад нас ніхто не чакаў. Скажу толькі, што гэта песня з першага альбома, якая на канцэртах не граецца. Хутчэй за ўсё, гэта будзе лайф-відэа, знятае падчас нашых паездак да мора. Што тычыцца астатніх кліпаў — думаю, тыя, хто хоць трохі знаёмы з нашай творчасцю, лёгка змогуць адгадаць песні, на якія яны будуць знятыя.
Еўрарадыё: Адкуль такое жаданне праілюстраваць адразу ледзь не палову альбома?
Дзіма Халяўкін: Так склаліся абставіны. Адны здымкі кліпа нам падарылі — было б неразумна гэтым не скарыстацца. Другі кліп нам здымаюць сябры, за што ім асобны дзякуй. Трэці мы здымем па дарозе на "Соседний мир". А цяпер мы працуем над саўнд-трэкам да фільма, за які аўтары стужкі падораць нам відэа. Агулам — нават чатыры кліпы!
Еўрарадыё: Што гэта будзе за фільм?
Саша Ільін: Рыхтуецца кароткаметражны фільм. Кампанія пад назвай "Люм’ер-фільм" здымае цікавыя кароткаметражкі для розных некамерцыйных фестываляў. Хлопцы звярнуліся да нас за песняй у якасці саўнд-трэка, а ў абмен прапанавалі зняць нам кліп.
"У Магілёве ніхто і не ведае, што мы перамаглі ў нейкіх конкурсах"
Еўрарадыё: Як жывецца альтэрнатыўным камандам у Магілёве?
Дзіма Халяўкін: Насамрэч, Магілёў перажывае заняпад. Раней у Магілёве адбывалася вельмі шмат канцэртаў, было шмат гуртоў, пастаянныя тусоўкі. Цяпер гэта эпізадычныя канцэрты і, у асноўным, прыезджыя гурты. Старыя каманды адыходзяць ад актыўнага ўдзелу ў канцэртнай дзейнасці, а новых не з’яўляецца. Але ўсё хвалепадобнае. Магчыма, менавіта цяпер хваля паедзе ўгору!
Еўрарадыё: З чым звязваеце гэтую "творчую дэпрэсію"? Можа, у горадзе недастаткова дэмакратычных клубаў, студый?
Дзіма Садавы: Усё ёсць! Я лічу, што калі ты хочаш нешта рабіць — ты робіш. І зноў жа, хто якія мэты перад сабой ставіць. Ёсць музыкі, якім дастаткова граць музыку для сябе.
Еўрарадыё: Дадзіце якія-небудзь парады такім "лянівым" музыкам, якія цяпер здзіўляюцца вашай удачы?
Саша Ільін: Скажу крамольную фразу: проста трэба шчыра рабіць тое, што ты робіш. Нам самім падабаецца музыка, якую мы граем. Нягледзячы на тое, што нам часта кажуць, што гэтая музыка не ў трэндзе.
Еўрарадыё: Ці бачыце вы розніцу ў рэакцыі публікі на вашу музыку ў Мінску і ў Магілёве?
Дзіма Халяўкін: У Магілёве за ўвесь час у нас было ўсяго пару выступаў, што, напэўна, дзіўна.
Саша Ільін: Ажыятажу з нашым імем няма. Напэўна, там ніхто і не ведае, што мы перамаглі ў нейкіх конкурсах. У Мінску мы вядомыя больш.
Еўрарадыё: Ці не думаеце змяніць прапіску?
Дзіма Халяўкін: Пакуль не бачым у гэтым вострай неабходнасці. Можна жыць дзе заўгодна і быць мабільнымі. Нашы сябры, гурт Lumen, і не думаюць пераязджаць з Уфы, хоць іх гастрольны графік ўключае 120 гарадоў за год.
"Мы ніколі не хадзілі у каралях і не былі знакамітасцямі"
Еўрарадыё: Ці сябруеце з іншымі магілёўскімі камандамі?
Дзіма Садавы: Кантактуем, але не цесна. Ёсць дыялог, скажам так. Горад не такі вялікі і тых жа рэпетыцыйных кропак не так шмат, таму перасякаемся часта.
Еўрарадыё: Скажыце праўду: ці ёсць у Магілёве культ гурта Akute?
Саша Ільін: Я думаю, што не. У Мінску больш. У Магілёве ўсё вельмі хутка развіваецца. Тры гады таму, калі Akute толькі пачыналі, усе захапляліся гуртом "Глюкі". Потым, калі ў Akute наступіў ўздым, і яны апынуліся "на хвалі", усе сталі чакаць яшчэ чагосьці новага.
Дзіма Халяўкін: Але трэба аддаць належнае — яны малайцы.
Саша Ільін: У гэтым плане нам значна прасцей — мы ніколі не хадзілі у каралях і не былі знакамітасцямі.
Дзіма Халяўкін: У Магілёве асноўная праблема гуртоў — гэта звычайная лянота нешта рабіць, спрабаваць, спрабаваць.
Саша Ільін: Гэта адна з прычын нашага ўдзелу ў розных конкурсах. Таму што ў беларускіх гуртоў, скажам прама, вельмі мала магчымасцяў трапіць на нейкія сур'ёзныя фестывалі. Бо арганізатары выбіраюць ўдзельнікаў яшчэ і па гучнасці імені, па папярэдніх выступах...
Еўрарадыё: Хто вашы куміры?
Дзіма Халяўкін: Для мяне кумір — Ларс Ульрых, бубнач Metallica. Не ў плане нейкага пераймання, а, хутчэй, у яго паводзінах на сцэне і харызме. Меў гонар сустрэцца з ім асабіста. І, як высветлілася, мы нарадзіліся ў адзін дзень.
Дзіма Садавы: Мне больш за ўсё імпануе Крыс Марцін з гурта Coldplay. Падабаецца спалучэнне меладычнасці і простасці ў іх музыцы. Я заўсёды з задавальненнем гляджу іх канцэрты, і мне вельмі падабаюцца паводзіны Марціна на сцэне.
"Канкрэтная мэта — зарабляць музыкай грошы"
Еўрарадыё: Куды вы рухаецеся, выбраўшы за аснову рускую мову? Якую мэту сабе ставіце? Трапіць на "Нашествие"?
Дзіма Халяўкін: Наогул няма такой канкрэтнай мэты. Вядома, было б някепска паехаць на буйныя расійскія фестывалі ў тым ліку. Хочацца з часам арганізоўваць нейкія туры. Толькі не самім спрабаваць прабіцца на фестывалі, а каб цябе запрашалі на іх.
Саша Ільін: Канкрэтная мэта — гэта, шчыра кажучы, зарабляць музыкай грошы. Тым, што ты ўмееш, што табе падабаецца, што ідзе знутры.
Дзіма Халяўкін: Зноў жа — грошы не дзеля грошай, а дзеля таго, каб можна было займацца любімай справай, не адцягваючыся.
Еўрарадыё: Што вы хочаце сказаць сваёй музыкай?
Дзіма Садавы: Хочам несці светлыя пачуцці. Каб людзі не сумавалі на нашых канцэртах і пры праслухоўванні нашага альбома, а наадварот радаваліся. Для мяне, напрыклад, музыка — спадарожнік па жыцці. І да кожнай жыццёвай сітуацыі ў мяне ёсць свае музычныя асацыяцыі. Вось і мне хочацца, каб мы стваралі такую музыку —якая не праходзіць, а западае ў душу.
Дзіма Халяўкін: Каб як мінімум не хацелася выключыць дыск, а хацелася слухаць далей, і ад гэтага паляпшаўся настрой.
Саша Ільін: І, вядома, каб людзі часам задумваліся. Таму што любая песня прачыняе дзверцы ў душу чалавека. Добра, калі музыка навядзе слухача на нейкія добрыя думкі і стане добрым каталізатарам.
Еўрарадыё: Якімі бачыце сябе гадоў праз 20?
Дзіма Садавы: Я бачу сябе пастрыжаным! (Смяюцца)
Дзіма Халяўкін: Хацелася б, каб і праз 20 гадоў у плане жаданняў і імкненняў усё засталося так, як ёсць цяпер.
Дзіма Садавы: Каб мы не пашкадавалі аб тым, чым займаліся. Я лічу, што гэта шчасце, калі чалавек не шкадуе аб пражытых гадах, а успамінае пра іх з цяплом.
Саша Ільін: Я спадзяюся, што гадоў праз 20 мы скажам адзін аднаму: "Выдатна, што мы тады пачалі!"
"Граць музыку заўсёды будзе ў нас у прыярытэце"
Еўрарадыё: Ну, а як захоўваеце форму, пакуль усё ж даводзіцца хадзіць на працу па раскладзе? Дарэчы, вас лёгка адпускаюць на канцэрты-фэсты?
Дзіма Садавы: Мы мяняем працу кожны тыдзень! (Смяюцца) Не адпускаюць! Даводзіцца ставіць таблічку "Буду праз 10 хвілін" і ўцякаць.
Саша Ільін: А ўвогуле, кожны выкручваецца, як можа. У прынцыпе, з-за гэтага ў нас перыядычна мяняўся склад. Самыя ўстойлівыя засталіся. Бывае і так, што на працы даводзіцца ісці на нейкія канфлікты, каб усё ж такі з'ехаць на канцэрт.
Раздаецца тэлефонны званок.
Дзіма Халяўкін: А вось нам тэлефануе бубнач гурта IOWA. Алё, Вася? Ты ў эфіры Еўрарадыё! Можаш сказаць пару словаў пра гурт Nizkiz, цябе ўсё чуюць!
Голас з трубкі: Што сказаць пра гурт Nizkiz... Дарэчы, ты мне дыск так і не падарыў! (Смяюцца) Nizkiz — нашы выдатныя сябры і выдатныя музыкі, якія граюць перспектыўную музыку. Мне здаецца, хлопцам патрэбны добры старт і шмат канцэртаў. Еўрарадыё, займіцеся імі нарэшце!
Дзіма Халяўкін: Дзякуй, Вася, я ператэлефаную. І з нас 100 долараў! (Смяюцца)
Еўрарадыё: Чым гатовыя ахвяраваць дзеля музыкі?
Дзіма Халяўкін: Пальцамі на руках, напэўна, не. А вось на нагах — ахвяраваў бы!
Саша Ільін: Так, я б Дзімавымі пальцамі таксама ахвяраваў.
Дзіма Халяўкін: Ахвяры павінны быць апраўданыя. Не трэба неяк бязглузда секчы з пляча. Калі стане выбар — то граць музыку заўсёды будзе ў нас у прыярытэце.
Саша Ільін: У нас быў сумны прыклад, калі адзін з нашых музыкаў пайшоў, сказаўшы, што не можа пакінуць працу, таму што не верыць у тое, чым мы цяпер займаемся. У адрозненне ад нас.
У бліжэйшы час паглядзець і паслухаць гурт Nizkiz можна тут:
21 ліпеня - Сафоний, Смаленск;
26 ліпеня - Соседний Мир, Судак;
29 ліпеня - эфір "Наше Радио", Масква;
24 жніўня - Рокачев, Рагачоў
Фота з архіву гурта.