Новы імідж для Еўрабачання
Першыя спробы пераўтварэння ў сапраўднага ведзьмака
былі заўважаныя на канцэрце ў Гішпаніі, які адбыўся 4 лютага. І, дарэчы, прайшоў
вельмі паспяхова.
Сам Зміцер адплаціў удзячнасцю за добры прыём: падчас выступу
з яго вуснаў на гішпанскай мове прагучала: “Я люблю Гішпанію”, што не магло не ўразіць публіку. Пра сваё
“пераўтварэнне” распавядае сам спявак:
Зміцер Калдун: “Насамрэч, тое,
што было ў Гішпаніі, гэта быў экспромт. А наогул, той імідж, які быў вынайдзены,
будзе яшчэ дапрацоўвацца — гэта, так бы мовіць, спроба пяра. Я стаўлюся да яго
станоўча. Я заўсёды люблю нешта новае, заўсёды люблю эксперыментаваць”.
Але дакладны
вобраз музыкі пакуль яшчэ невядомы, праца над ім вядзецца няспынна. На днях
Зміцер з’язджае ў Маскву, дзе і будзе больш дэталёва распрацоўвацца імідж
спявака.
З упэўненасцю можна сцвярджаць, што галоўная задача стылістаў — зрабіць
так, каб знешні выгляд Калдуна гарманічна супадаў з яго сцэнічным нумарам. Распавядае
выканаўчы прадзюсер дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампаніі
Настасся Ціхановіч:
Настасся Ціхановіч: “У любым выпадку,
яго вобраз, тое, што на ім будзе апранута, будзе гарманічна пераплятацца з
нумарам. А паколькі над нумарам яшчэ вядзецца праца, канкрэтна яшчэ не
пастаўлена кропка на тым, як гэта і што гэта будзе.
Я ведаю, што дакладна будзе
працаваць стыліст Кіркорава, але гэта, хутчэй за ўсё, фрызура і грым. Усё, што тычыцца
касцюма, я мяркую, што тут усё першапачаткова будзе залежыць ад нумара, а над
нумарам яны будуць працаваць у Грэцыі.
Канешне, ёсць пару цудоўных задумаў, але
пакуль гэта ўсё застаецца ў сакрэце, каб здзівіць грамадскасць потым”.
Шлях да
Еўрабачання не абышоўся без перашкод. Не так даўно на старонках шматлікіх
беларускіх выданняў выбухнулі скандалы, звязаныя з паездкай беларуса на
еўрапейскі конкурс. Сярод іх было нават абвінавачванне ў плагіяце.
Некаторыя
лічаць, што прыпеў песні Калдуна Work you magic вельмі нагадвае песню Modern Talking “Last exit to Brooklin” — толькі ў запаволеным варыянце. З пытаннем, ці сапраўды гэтыя песні
падобныя, мы звярнуліся да беларускага музыкі Піта Паўлава.
Піт Паўлаў: “Тое,
што я чую дакладна: амаль цалкам прыпеў проста перапісаны, і мелодыя, і
гармонія. Ці з’яўляецца гэта плагіятам, я не магу так сказаць, але я ўпэўнены,
што напісаць так немагчыма адзін у адзін. Я лічу, што той, хто пісаў гэтую
песню, скарыстаў кампазіцыю Modern Talking”.
Але большы
перапалох выклікалі чуткі пра заяву цэнтра Віктара Дробыша, паводле якой Зміцер
Калдун нібыта з’яўляецца вельмі слабым спеваком і таму, каб чарговы раз не “апячыся”
на выпускніках “Фабрыкі зорак” (нагадаем, што выступы Наталлі Падольскай і Юліі
Савічавай на Еўрабачанні не былі паспяховамі) і не паставіць пад удар рэпутацыю
цэнтра, выступ Калдуна непажаданы.
Але Аляксандр Ціхановіч цалкам абверг гэтыя
чуткі і лічыць іх своеасаблівым чорным PR-ам:
Аляксандр
Ціхановіч: “Я лічу, што гэта быў PR-ход. Ні пра якія
скандалы з Дробышам я не ведаю. Тое, што вешаюць у Інтэрнэце, не з’яўляецца
ісцінай. Але нам спадабалася, гэта добра.
Мне, напрыклад, вельмі імпануе тое,
што настолькі негатыўныя рэчы прыцягваюць увагу да выканаўцаў. Я вельмі здзівіўся,
але цяпер вазьму гэта на ўвагу. Ніякіх праблемаў з Дробышам не было”.
Былі якія-небудзь праблемы ці не — сёння ўжо не так істотна. Зараз дакладна вядома — Беларусь на чарговым еўрапейскім конкурсе будзе прадстаўляць Зміцер Калдун. Прабачце, проста Калдун.
Фота — photo.bymedia.net