У Брэсце запланавалі суд над мужчынам, які яшчэ ў красавіку памёр у СІЗА
Аляксандр Кулініч
На 30 траўня ў Брэсцкім судзе прызначаны разгляд справы Аляксандра Кулініча. Падпалкоўніка запасу абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК РБ). На гэта звярнулі ўвагу праваабаронцы. Аднак раней паведамлялася, што ў пачатку красавіка Аляксандр Кулініч памёр у СІЗА.
Яго затрымалі 29 лютага ў Берасці. Па яго прыйшоў з дзясятак сілавікоў у поўным абмундзіраванні. Падставай паслужылі каментары ў Telegram. Беларус пісаў пра акупацыю Беларусі Расіяй і выказваў падтрымку Украіне. Да суда Кулініча змясцілі ў СІЗА. Суд павінен быў пачацца 16 красавіка, але мужчына яго так і не дачакаўся — памёр 9 красавіка.
"Нягледзячы на смерць, у электронным раскладзе судоў на сайце Вярхоўнага суда з'явілася інфармацыя пра тое, што справу Аляксандра разглядаюць сёння ў судзе Маскоўскага раёна Берасця. Працэс была прызначаная весці суддзя Марына Скалковіч", — адзначаюць праваабаронцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.