Сотавы аператар А1 адказаў на прэтэнзіі: улады самі зацвердзілі тарыфы

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) праверыла эканамічныя разлікі і ўзгадніла тарыфы, вызначаныя сотавым аператарам А1. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным каментары кампаніі, размешчаным на яе сайце.

"Заўвагі кантралюючых органаў датычылі выключна пытанняў тэхнічнага афармлення, што ніякім чынам не ўплывала ні на працэс фармавання тарыфу, ні на велічыню тарыфу, пры гэтым заўвагі былі ліквідаваныя яшчэ падчас самой праверкі", — сцвярджаецца ў каментары.

Таксама ў А1 падкрэсліваюць: пры праверцы высветлілася, што "дзеянні кампаніі не прынеслі шкоды ні кліентам кампаніі, ні дзяржаве".

Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні мабільнага аператара А1 аштрафавалі за павышэнне тарыфаў для кліентаў. Спецыялісты МАРГ заявілі, што ў кампаніі не было эканамічных разлікаў, якія пацвярджаюць неабходнасць павышэння тарыфаў. Эканамічны суд Мінска аштрафаваў кампанію на 5% ад кошту рэалізаваных паслуг павышанымі тарыфамі. А аднаго з супрацоўнікаў кампаніі аштрафавалі на 480 рублёў.

Рашэнне суда пакуль не набыло моц, кампанія можа яго абскардзіць у Вярхоўным судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі