N.R.M. "Д.П.Б.Ч."

Два гады трыа N.R.M. прыхоўвала свой новы альбом да лепшых часоў, эксперыментавала з фарматамі (Піт Паўлаў паказваў нам "Д.П.Б.Ч." нават у выглядзе флэшкі, як падарункавы варыянт) і інтрыгавала гучаннем. Маўляў, яно будзе "падобным да таго, як гучаць сучасныя англійскія гурты".

Лепшыя часы прыйшлі. Пласцінка з'явілася на вініле ды дысках. А вось з "англійскім" гучаннем узніклі пытанні.

"Калі ў стык паставіць наш альбом з музыкай любой сучаснай англійскай каманды, не ўзнікае ўражання, што гэта запісана ў нейкім іншым месцы, у іншых умовах, іншымі людзьмі, — сцвярджае Піт Паўлаў. — Да апошняга моманту гучанне не адрозніваецца, яно такое ж самае. Адрозненне пачынаецца тады, калі ўжо чуеш беларускую мову".

Тым не менш, адрозненне гучання "Д.П.Б.Ч." ад пласцінак англійскіх каманд чуваць ужо з першых акордаў загалоўнай песні "Мроя мая". Магчыма, Піт Паўлаў і кампанія адмыслова і канцэптуальна нарулілі на дыску гук вучнёўскіх дэмак, запісаных у глыбокіх мінскіх сутарэннях гадоў 15 таму. А, магчыма, мы проста не ў курсе апошніх англійскіх тэндэнцый. Аднак слухаць "Д.П.Б.Ч." даводзіцца сабраўшы волю ў кулак.

"Д.П.Б.Ч." — гэта значыць “да пабачэння”. І, натуральна, што слухачы пласцінкі і аматары беларускай музыкі асацыююць назву з лебядзінай песняй некалі легендарнага гурта, “светлай мроі пакалення”. Гурт падсвядома задаецца пытаннем, што з ім адбываецца, “настальгія ці параноя?”, спрабуе разабрацца, ці здзейсненая яго мроя — пачынаць наноў у 45, ці пра гэта марылі музыкі? І канстатуе факт, што “лёс склаўся так, што хрусць — і папалам”, у сэнсе, гурт хрусць — і папалам? І ўвогуле, неяк усё проста стала з “НРМ’ам”, няма больш таго нерва, які адказваў за папулярнасць каманды . “Я не люблю, калі колы мяняюць на мяжы” — бясхітрасна спявае Алег (Алезіс) Дземідовіч.

“Мроя мая”, “Прамень”, “Д.П.Б.Ч.” маглі б стаць хітамі, калі б былі даведзеныя да розуму. Аднак пераважна структура і аранжыроўка песень "Д.П.Б.Ч." дзівосныя. Яны неяк знянацку распадаюцца на часткі, іх гармоніі могуць не паддавацца логіцы, а кіданні ад гранжа ў металёвыя запілы прымушаюць думаць, што Паўлаў-Ляўкоў-Дземідовіч увогуле існуюць па-за часам і прасторай. Ці проста сцябуцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі