Нягледзячы на апошнія тэракты, Еўропа нашмат больш бяспечная, чым 30 гадоў таму

Нягледзячы на апошнія тэракты, Еўропа нашмат больш бяспечная, чым 30 гадоў таму

Пакуль “Ісламская дзяржава” трымае ў напружанні ўсю Заходнюю Еўропу, статыстыка паказвае, што цяпер тут больш бяспечна, чым яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Па словах спецыяліста ў галіне міжнароднай бяспекі ўніверсітэта Лідса Эдрыяна Галахера, Заходняя Еўропа дагэтуль застаецца нашмат больш бяспечнай, чым большасць іншых частак свету:

“Пры больш шырокім разглядзе статыстыка сведчыць, што цяпер мы жывем у самы мірны перыяд у гісторыі. Імаверна, што ў нашыя дні Заходняя Еўропа больш мірная, чым у любы іншы момант сучаснай гісторыі чалавецтва”, — кажа Галахер у інтэрв’ю брытанскаму выданню Huffington Post.

Партал Statista яшчэ пасля тэрактаў у Парыжы стварыў спецыяльную інфаграфіку паводле статыстыкі па тэрактах у Заходняй Еўропе пачынаючы з 1970 года.

Нягледзячы на апошнія тэракты, Еўропа нашмат больш бяспечная, чым 30 гадоў таму
Ахвяры тэрарызму ў Заходняй Еўропе з 1970 па 2015 год. Выява: Statista. huffingtonpost.co.uk
Нягледзячы на апошнія тэракты, Еўропа нашмат больш бяспечная, чым 30 гадоў таму
Ахвяры тэрарызму па-за межамі Заходняй Еўропы з 2001 па 2014 год. Выява: Statista. huffingtonpost.co.uk

Разам з тым, Эдрыян Галахер падкрэслівае, што мы не павінны быць задаволенымі, бо статыстыка не паказвае, колькі атак было спынена.

Эксперт па міжнародных даследаваннях у галіне бяспекі брытанскага інстытута Рафаэла Пантучы падкрэслівае, што раней тэрарысты не станавіліся смяротнікамі, а заўжды збягалі з месца злачынства.

“Яны маглі страляць, падрываць, але не планавалі гінуць. Цяпер вы маеце справу з людзьмі, якія гатовыя памерці, здзяйсняючы тэракт. І абараніць насельніцтва ад такіх злачынцаў вельмі няпроста”, — тлумачыць Пантучы.

 

Тэрарыстычнымі арганізацыямі канца ХХ стагоддзя, ад тэрактаў якіх загінула найбольшая колькасць людзей у Еўропе, былі Ірландская рэспубліканская армія (забілі каля 1840 чалавек) і Баскская сепаратысцкая арганізацыя ЭТА (ахвярамі сталі 829 чалавек).

Гэтая статыстыка не ўключае ў сябе тэракты ў Беларусі.

Злачынствы ў Беларусі, якія можна аднесці ў катэгорыю "тэракты".

Першае такое злачынства адбылося 11 ліпеня 1996 года. 43-гадовы Аляксандр Зюлькоў, пагражаючы самаробнай выбухоўкай, узяў у закладнікі групу з 15 дзяцей у дзіцячым садку № 511 Мінска. У выніку тэрарыста абясшкодзілі — паранілі, і ён памёр у бальніцы. Дзеці не пацярпелі.

У 2005 годзе адбыліся два тэракты ў Віцебску. 14 верасня на прыпынку “Плошча Свабоды” былі параненыя два чалавекі, 22 верасня выбухам каля кавярні “Эрыдан” параніла 50 чалавек.

У 2011 годзе тэракт у мінскім метро забраў жыцці 15 чалавек. Паранена было 195. Вінаватымі ў тэракце былі прызнаныя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Канавалава абвінавацілі і ў віцебскіх тэрактах. У сакавіку 2012 года Канавалава і Кавалёва расстралялі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі