Ізраільскі амбасадар сустрэнецца з апазіцыяй, а не з палітвязнямі
14 лютага адбудзецца сустрэча лідараў беларускай апазіцыі з амбасадарам Ізраіля Іосіфам Шагалам.
Сустрэча адбудзецца ў 10.30 у амбасадзе Ізраілю ў Беларусі. У ёй возьмуць удзел Уладзімір Някляеў, Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец, Аляксандр Мілінкевіч.
Нагадаем, што вялікі розгалас выклікала заява Шагала, што ў Беларусі няма палітвязняў, а ёсць крымінальнікі. Гэтай заяве прысвечаная і будучая сустрэча.
З запрошаных на сустрэчу палітвязні толькі два — Някляеў і Севярынец. Еўрарадыё пацікавілася ў Някляева, ці не лепш было б запрасіць больш палітвязняў на сустрэчу.
Някляеў: "Магчыма, фармат сустрэчы мог быць іншым — і з палітвязнямі, і, магчыма, з іх роднымі. Але прапанаваны быў фармат спадаром амбасадарам — менавіта сустрэча з апазіцыйнымі лідарамі, кіраўнікамі партый і арганізацый".
Па словах Някляева, наўрад ці апазіцыянерам спатрэбіцца пераконваць Іосіфа Шагала ў тым, што ў Беларусі ёсць палітвязні:
Някляеў: "Мне не здалося па сённяшняй сустрэчы са спадаром амбасадарам, што ён не разумее, што гэта палітвязні, што гэта ні ў чым не вінаватыя людзі. Ён настойваў на тым, што фармулёўка ягоная, калі яе дакладна агучыць, была такая: у Беларусі няма палітвязняў, а ёсць крымінальнікі — па тых законах, якія на сённяшні дзень усталяваныя і дзейнічаюць у Беларусі".
Някляеў не выключае, што заўтрашняя сустрэча можа стаць пачаткам для далейшага дыялогу з ізраільскай амбасадай.