"Нявеста сядзе", "Крый божа, Лябедзьку заб'юць": як умеюць "угаворваць" у КДБ

Алесь Міхалевіч, Яраслаў Раманчук, Андрэй Дзмітрыеў [злева направа]
Алесь Міхалевіч, Яраслаў Раманчук, Андрэй Дзмітрыеў [злева направа]

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч пасля выбараў 2010 года паабяцаў КДБ супрацоўніцтва ў абмен на свабоду. Але, апынуўшыся на волі, таемна сабраў прэс-канферэнцыю проста ў Мінску, расказаў пра катаванні і назваў будынак Камітэта дзяржбяспекі канцлагерам у цэнтры горада.

Гэта класічны прыклад паводзінаў "ізраільскага салдата, які трапіў у палон" — гэты тэкст жа трапляўся вам у сацсетках? Яго галоўная думка: задача салдата ў палоне — захаваць сваё жыццё.

Аднак дзесяць гадоў таму сацсеткі яшчэ не былі так развітыя і мем пра ізраільскага салдата ведалі не ўсе. Таму іншыя палітыкі, затрыманыя тады, "на выхадзе з КДБ" трапілі пад хвалю ганьбавання. За што? Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук у эфіры дзяржканалаў зачытаў прамову, у якой нібыта асуджаў арганізатараў "Плошчы". А Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, казаў, што міліцыя не вінаватая ў збіцці яго паплечнікаў, якія ішлі калонай на плошчу Незалежнасці.

Мы папрасілі палітыкаў расказаць, кім і чым іх шантажавалі дзеля "пакаяння" або тайнага супрацоўніцтва пасля "Плошчы-2010".

 

Андрэй Дзмітрыеў: стараўся сфармуляваць так, каб нікога не агаварыць

А пятай гадзіне раніцы 20 снежня 2010 года Андрэя Дзмітрыева і яго будучую жонку Таццяну затрымліваюць. Праз некалькі гадзін Дзмітрыеў зачытвае на камеру тэкст, у якім кажа: міліцыя не вінаватая ў збіцці кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Збілі яго нейкія "п'яныя малойчыкі".

“Невеста сядет”, “Не дай бог, Лебедько убьют”: как умеют “уговаривать” в КГБ
Андрэй Дзмітрыеў з жонкай Таццянай

Таццяна ў гэты момант знаходзіцца ў суседнім кабінеце КДБ. У выпадку адмовы яе абяцалі пакінуць у падвалах надоўга. Дзе-небудзь у суседняй камеры.

Днём "пакаянне" трапляе ў эфір дзяржаўных тэлеканалаў. Краіна, ледзь адышоўшы ад жаху масавых затрыманняў уночы пасля выбараў, кляймуе Дзмітрыева здраднікам. Некаторыя ўдзельнікі тых падзей дагэтуль не могуць дараваць палітыку, што даў тады слабіну.

Гэта была не першая рэдакцыя "пакаяння", якое прапанавалі зачытаць Дзмітрыеву. Спачатку яго ўгаворвалі "прызнацца" ў тым, што Някляеў рыхтаваў дзяржаўны пераварот.

— Тады яны паводзілі сябе спакойна. Я адмовіўся. Сказаў, што гэты тэкст не прымаю. Ні ў якім выглядзе не змагу яго прамовіць, — успамінае Дзмітрыеў у размове з Еўрарадыё.

Прайшло некалькі гадзін. З'явілася іншая рэдакцыя прамовы.

— Мне прапанавалі сказаць, што на Калектарнай [вуліца, на якой сілавікі напалі на калону Уладзіміра Някляева. — Еўрарадыё] міліцыя была ні ў чым не вінаватая. Я зразумеў, што трэба прымаць рашэнне. Было цяжка. Калі запісвалі відэа, я проста апісаў падзеі, як яны былі. І дадалі "п'яных малойчыкаў" — якіх там не было. Я паспрабаваў сфармуляваць тэкст так, каб нікога не агаварыць.

 

“Невеста сядет”, “Не дай бог, Лебедько убьют”: как умеют “уговаривать” в КГБ
Андрэй Дзмітрыеў / Еўрарадыё

У той сітуацыі часу на роздумы Дзмітрыеву не далі. Гэта не тое пытанне, абдумваць якое цябе пакідаюць на ўсю ноч.

Калі запісвалі тэкст, Дзмітрыеў знаходзіўся насупраць кабінета старшыні КДБ. Той асабіста выйшаў пагаварыць з кіраўніком выбарчага штаба Някляева.

— Прымаючы гэта рашэнне, я ўсведамляў, што мне з ім трэба будзе жыць, што сутыкнуся з асуджэннем. Але некаторыя людзі сваім асуджэннем асабліва мяне здзівілі. Я ведаў, як яны сябе паводзілі на допытах, што яны казалі. І трошкі здзівіўся, даведаўшыся, што чалавек здольны зрабіць выгляд, што з ім гэтага не было.

 

Тое, як адрэагавала грамадства на інтэрв'ю Рамана Пратасевіча, паказвае, як беларусы выраслі, як пасталелі. Таму яны і патрабуюць да сябе павагі, права кіраваць краінай. Мяне гэта радуе. Я сярод тых, хто на гэта працаваў дзесяць гадоў.

— А як ваша нявеста адрэагавала на тое відэа?

— Ну як? Пацалавала.

Пазней Дзмітрыеў ніколі не абмяркоўваў з жонкай, ці правільна зрабіў. Ён кажа, што заўсёды адчуваў: так, правільна. І падтрымку з яе боку таксама адчуваў.

— Свабода каханага чалавека і людзей наогул — гэта найвышэйшая каштоўнасць. І калі мы гэта дэкларуем, то мы так сябе і павінны паводзіць. У тым ліку павінны быць гатовыя чымсьці ахвяраваць. Мы сёння жывём у краіне, дзе людзі ва ўладзе гатовыя ахвяраваць усім. І гэта не тая краіна, якую мы хочам бачыць.

 

Калі заслухаць усе пакаянныя звароты на камеру з СІЗА, то акажацца, што гэта адзінае месца, дзе ўлада змагла рэалізаваць усе свае абяцанні, заўважае Дзмітрыеў. Бясплатная медыцына, добрае харчаванне, паважлівае стаўленне. Нават прышчэпка ад COVID-19, якую згадаў Пратасевіч.

— Але на самай справе мы ўсе разумеем, што гэта не так. Трапляючы туды, чалавек ставіцца перад выбарам. Гэты выбар можа датычыцца таго, абвінавачанні па якім артыкуле яму прад'явяць. У выпадку з Раманам гэта асабліва актуальна: гэта можа быць артыкул аб арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, а можа быць падрыхтоўка пратэсту.

Гэта могуць быць пагрозы, звязаныя з блізкімі.

А можа быць і праца "добрага паліцэйскага", мяркуе Дзмітрыеў.

— Цалкам можа з'явіцца чалавек, які кажа: мы ж таксама за радзіму, за незалежнасць. Я ўпэўнены, што псіхолагі працуюць, асабліва калі чалавек на такія рэчы адгукаецца.

— У вас у КДБ былі "добрыя паліцэйскія"?

— Са мной усе былі злыя.

Шкадаванне і спачуванне — Дзмітрыеў лічыць, што гэта адзіная дапушчальная рэакцыя на інтэрв'ю Пратасевіча. Сам ён яшчэ запісаў відэазварот у тык-ток.

— Я б не шукаў, ці пасылае Раман Пратасевіч сігналы пра тое, што яго прымусілі прамаўляць пэўны тэкст. Гэта няважна, разумееце? Нават калі яны з дапамогай псіхолагаў змаглі яго пераканаць, упэўніць — гэта не мае ніякага значэння. Мы маем справу з чалавекам, якога ўзялі ў палон. Яго знаходжанне там — гэта і ёсць суцэльны сігнал.

 

Яраслаў Раманчук: "Крый божа, Лябедзьку заб'юць. Ты ўсё жыццё будзеш насіць гэты крыж"

Раніцай 20 снежня 2010 года ў эфір беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў выходзіць відэаролік, які пасля будуць часта цытаваць. На відэа экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук кажа, што "асуджае заклікі да дзеянняў, якія парушаюць мірны характар правядзення масавых акцый". Гэта было адразу ж пасля "Плошчы-2010".

Запісаць гэты зварот Раманчука ўгаворвалі чатыры гадзіны. Дзве гадзіны ён шпацыраваў з "пераканальнікамі" паміж гасцініцай "Еўропа" і КДБ. Яшчэ дзве гадзіны ён правёў у будынку КДБ.

— Мне прапаноўвалі зрабіць добрую справу: знізіць рызыкі палітычных рэпрэсій. У прыватнасці гаворка ішла пра Анатоля Лябедзьку. Да таго моманту, калі я з ім размаўляў апошні раз, яго выцягвалі з кватэры.

Мяне ўгаворвалі так: "Крый божа, Лябедзьку заб'юць, таму што ты не зачытаў гэты тэкст. Ты ўсё жыццё будзеш насіць гэты крыж". Маўляў, паставіў сваю кар'еру, чысціню палітычнага мундзіра вышэй за чалавечае жыццё.

Я не быў чалавекам вуліцы, чалавекам барыкад і псіхалагічна не быў гатовы да такога ціску. Мне здавалася, што трэба зрабіць усё, каб людзей не пачалі забіваць. А што яны могуць гэта зрабіць, я не сумняваўся. Я быў у адной партыі з [Юрыем] Захаранкам і [Віктарам] Ганчаром.

 

“Невеста сядет”, “Не дай бог, Лебедько убьют”: как умеют “уговаривать” в КГБ
Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё

Знаходзячыся ў КДБ, чалавек не можа ведаць, што на самай справе адбываецца на волі. Праз чатыры гадзіны Раманчук пагадзіўся — і зачытаў на камеру тэкст. Спадзяваўся, што людзі "разбяруцца". Наўмысна зачытваў яго так, каб візуальна можна было заўважыць адрозненні ад яго папярэдніх выступаў. Такія сігналы, кажа Раманчук, ён счытаў і ў выступе Пратасевіча, але канкрэтызаваць не стаў.

Сігналаў самога Раманчука 10 гадоў таму многія не распазналі. І не заўважылі, што пазней на судзе ён не стаў паўтараць тыя словы.

— Апазіцыя тады вырашыла выбраць мяне казлом адпушчэння. Многія палітыкі наперабой прыдумлялі абразы, абвінавачанні.

 

У адрозненне ад АГП, якая выкрасліла эканаміста са сваіх шэрагаў, Анатоль Лябедзька Раманчука не асудзіў. Яшчэ многія гады яны рабілі агульныя праекты.

Ён прызнае, што тады, у 2010 годзе, быў не гатовы да ціску, з якім сутыкнуўся ў КДБ. Не гатовы да яго аказаўся і Пратасевіч. Дый хіба можна быць да гэтага гатовым?

— Матывацыя Рамана можа быць самай рознай — і дзяўчына, і бацькі, і проста правільнае кіраванне патокам інфармацыі. Пераконваюць там прафесійна, асабліва калі ты не быў да гэтага гатовы так, як гатовыя аксакалы беларускай палітыкі — Статкевіч або Севярынец.

 

Алесь Міхалевіч: спачатку ўсе былі ветлівыя

Што будзе, калі адмовіцца прачытаць тэкст для дзяржТБ? Пра гэта мы спыталі экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. У СІЗА КДБ пасля адмовы ад выступу ён правёў два месяцы.

“Невеста сядет”, “Не дай бог, Лебедько убьют”: как умеют “уговаривать” в КГБ
Алесь Міхалевіч / Еўрарадыё

— Са мной вялі гутаркі найвышэйшыя чыноўнікі КДБ. Гутаркі былі даволі ветлівыя, ніякіх пагроз. Першыя гадзіны — гэта заўсёды выпрабаванне чалавека. Пошук тых, хто пагодзіцца супрацоўнічаць, а хто не зламаецца.

Ім было зразумела, што я адмаўляюся супрацоўнічаць. Праз некалькі тыдняў пачалі рэалізоўваць сілавы варыянт. Пачалося збіццё, выломліванне рук, гэтак далей.

Міхалевіч быў ці не адзіным кандыдатам, які ў 2010 годзе не крытыкаваў беларускую ўладу, а проста прапаноўваў новыя рашэнні, якія маглі б змяніць Беларусь да лепшага. І меркаваў, што з ім нічога такога здарыцца не можа.

Палітык лічыць, што цяпер сістэма, якая ў 2011 годзе была дэма-версіяй, распрацаваная куды лепш. І часавы лаг паміж ветлівымі прапановамі і збіццём, магчыма, скараціўся.

Праз колькі часу Міхалевіч сказаў супрацоўнікам КДБ, што згодны супрацоўнічаць. Ён пайшоў на гэты крок, каб расказаць, што адбываецца з палітвязнямі. Ужо праз тыдзень пасля вызвалення палітык сабраў прэс-канферэнцыю і расказаў пра катаванні ў КДБ.

Чаму ў КДБ так лёгка паверылі ў тое, што збіты ў СІЗА палітык стане верным супрацоўнікам?

— Старшынёй КДБ тады быў чалавек, які раней у гэтай структуры не працаваў [Вадзім Зайцаў, які раней служыў у Дзяржпагранкамітэце. — Еўрарадыё]. Думаю, што ў большасці супрацоўнікаў, якія са мной кантактавалі, было разуменне: прымушаць чалавека да супрацоўніцтва праз фізічнае ўздзеянне, праз збіццё — гэта ненадзейны метад.

З літаратуры, з тэорыі вядома: добрыя агенты — якія вераць у ідэю, або тыя, хто працуе за грошы. А яшчэ тыя, на каго ёсць кампрамат. На мяне не было кампрамату, я ніколі не верыў у наяўную беларускую сістэму. І зразумела, мне ніхто не прапаноўваў ніякіх грошай.

Магчыма, былі тыя, хто разумеў, што вярбоўка Міхалевіча — гэта ненадзейна. Але рашэнне прымаў начальнік. І яно не абмяркоўвалася.

Пасля ўчынку Міхалевіча дзясяткі людзей, якія падпісалі згоду супрацоўнічаць, падпісалі адмовы.

— У пэўным сэнсе гэта набыло масавую форму. Але ёсць і тыя, хто не паверыў. Я спакойна стаўлюся да тых, хто цяпер крытыкуе паводзіны Рамана Пратасевіча. Але я іх не падтрымліваю. Мы не ведаем, праз што прайшоў чалавек, якія метады ў дачыненні да яго ўжываліся.

 

“Невеста сядет”, “Не дай бог, Лебедько убьют”: как умеют “уговаривать” в КГБ
Раман Пратасевіч на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры

Калі ўчора я глядзеў здымку прэс-канферэнцыі, мяне ўразіла, што ні адзін з чыноўнікаў і генералаў, якія былі там з ім, не паціснулі Раману рукі. Гэта значыць, стаўленне да яго ўнутры сістэмы — як да пракажонага, з якім нельга нават вітацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі