Па БТ расказалі падрабязнасці затрымання японца ў Беларусі
Затрыманы Масатосі Наканісі
Грамадзяніна Японімі Масатосі Наканісі, затрыманага ў Беларусі, вінавацяць у агентурнай дзейнасці. Пра гэта на тэлеканале "Беларусь 1" паведаміў начальнік следчага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі Канстанцін Бычак.
Паводле дзяржпрапагандыстаў, японец яшчэ з 2008 года "актыўна падарожнічаў па краінах Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у кітайскую ініцыятыву "Адзін пояс — адзін шлях". АКрамя таго, ён неаднаразова наведваў Украіну і так званыя "ЛНР" і "ДНР".
У 2018 годзе Масатосі Наканісі пераехаў у Гомель, ажаніўся з беларускай. Паводле прапагандыстаў, шлюб быў фіктыўны, яго неўзабаве скасавалі. У Гомелі замежнік працаваў выкладчыкам японскай мовы ў дзяржуніверсітэце імя Францішка Скарыны. У тэлесюжэце сцвярджаецца, што патрэбы ў працы настаўнікам у яго не было, бо нібыта японская спецслужба адкрыла для яго безлімітны рахунак, з якога ён штомесяц здымаў 1500-2000 рублёў у эквіваленце.
Таксама паведамляецца, што Масатосі Наканісі адкрыў у Беларусі фіктыўную кампанію "БелНіхонінтэрнэшнл", якая за шэсць гадоў не паказвала ніякай актыўнасці, не прынесла ніякага прыбытку — толькі страты і штрафы.
Затрымалі японца супрацоўнікі КДБ у ліпені, калі ён збіраўся вылецець з Беларусі.
У эфіры "Беларусь 1" заявілі, што мужчына часта ездзіў з Гомеля ў памежныя з Украінай беларускія населеныя пункты. Там ён "здымаў падрабязна дарогі, масты, стратэгічныя аб'екты, накшталт вакзалаў і аэрапортаў", а таксама інфраструктуру вайсковых аб'ектаў і чыгуначныя шляхі з вузкакалейнымі рэйкамі. У КДБ сцвярджаюць, што за шэсць гадоў жыцця ў Беларусі ён зрабіў больш за дзевяць тысяч фатаграфій з беларуска-ўкраінскага памежжа.
На допыце затрыманы сказаў, што планаваў перадаць фатаздымкі ў японскую спецслужбу — Кокка Куан Іінкай.
Тамксама дзяржпрапагандысты сказалі, што грамадзянін Японіі збіраў інфармацыю пра сацыяльна-палітычнае становішча ў Беларусі — пачынаючы ад коштаў і асартыменту ў крамах да настрояў у грамадстве.
Паказалі ў тэлесюжэце і перапіску з чалавекам, якога назвалі куратарам затрыманага японца. Асабліва актыўная перапіска стала пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
"[Куратара] цікавіць наяўнасць харчовых тавараў у крамах, украінскія ўцекачы — ёсць ці не, ці шмат іх? А таксама расійскае ўзбраенне і вайскоўцы. Іх здымкі. Ці працуюць заходнія санкцыі, плацежная сістэма "Мір" як спосаб іх абыходу, ці затрымліваюць на вуліцы за фатаграфаванне стратэгічных аб'ектаў", — расказалі ў тэлесюжэце.
Начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў, быццам падчас расследавання спецслужбы атрымалі "пераканаўчыя і неабвержныя доказы супрацьпраўнай дзейнасці Наканісі".
"На канфіскаванай тэхніцы выяўленая перапіска фігуранта з цэнтрам, якая змяшчае справаздачы аб выкананых заданнях, звесткі аб панесеных ім пры гэтым фінансавых выдатках ды іншае. Акрамя таго, падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў зафіксаваныя неаднаразовыя сустрэчы замежніка з прадстаўнікамі замежнай спецслужбы, якія працуюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пад дыпламатычным прыкрыццём", — заявіў прадстаўнік КДБ.
Пра затрыманне грамадзяніна Японіі стала вядома 4 верасня. Прапаганда заявіла, што гэта першы выпадак затрымання японскага шпіёна ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.