Пад амністыю можа трапіць толькі адзін палітвязень
І тое, калі яго тэрмін не скончыцца раней за абвяшчэнне самой амністыі.
У Палату прадстаўнікоў унеслі праект закона аб амністыі 2014, але яго тэкст пакуль недаступны. З улікам таго, што кожны раз пад амністыю выходзіць новы закон, Еўрарадыё вырашыла параўнаць, ці адрозніваюцца папярэднія законы і чым, і што ў такім выпадку чакаць сёлета. Для разгляду мы ўзялі апошнія тры амністыі 2009, 2010 і 2012 гадоў. З першых радкоў заўважна, што ўсе тры законы супадаюць слова ў слова.
Далей ёсць нязначныя адрозненні. Некаторыя артыкулы проста перастаўленыя месцамі, але змест той жа. У першым артыкуле пералічаныя асобы, якія трапляюць пад амністыю, калі не здзейснілі цяжкіх злачынстваў, тут усё аднолькава: непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, пенсіянеры, інваліды, ветэраны баявых дзеянняў, грамадзяне, які пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, бацькі непаўнагадовых дзяцей, інвалідаў.
Асобы, якія не пералічаны ў першым артыкуле, але здзейснілі найменш цяжкія злачынствы, вызваляюцца, калі адбылі не менш за чвэрць тэрміну. Тут таксама ўсё аднолькава.
"Звычайна ў законах аб амністыі пішуць, што яна не распаўсюджваецца на злосных парушальнікаў рэжыму", — кажа праваабаронца Алег Гулак.
І сапраўды, такая ўмова прапісана ва ўсіх трох законах аб амністыі. Пералік іншых асобаў, якія не трапляюць пад амністыю, таксама падобны. Таму прынцыповай розніцы ў законах няма.
Ужо з гэтага можна зрабіць вынік, што праект закона аб амністыі 2014 года моцна адрознівацца не будзе.
Сёння ў Беларусі праваабаронцы лічаць палітвязнямі 9 чалавек: Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Андрэй Гайдукоў і Васіль Парфянкоў. Ці можна разлічваць, што нехта з іх выйдзе па амністыі?
На думку юрыста Паўла Сапелкі, выйсці можа толькі адзін палітвязень. І тое, калі яго тэрмін не скончыцца раней за аб'яўленне амністыі.
"Акрамя Гайдукова, якому засталося толькі 2 тыдні, усіх астатніх палітзняволеных гэта амністыя не закране па той прычыне, што ім ўсім адміністрацыя месцаў зняволення прысвоіла статус парушальнікаў умоваў адбыцця пакарання, таму толькі з гэтай прычыны на іх амністыя распаўсюджвацца не будзе".
Ці траплялі пад амністыю палітвязні ў Беларусі? Праваабаронцы згадваюць толькі некалькі выпадкаў: у 1996 годзе з прычыны сталага ўзросту быў амніставаны Уладзімір Салавей, у 2010 годзе — Алесь Чарнышоў — адзін з асуджаных па крымінальнай “справе 14-ці” падчас выбараў прэзідэнта 2006 года.
У 2005 годзе трапілі пад амністыю Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч, ім скарацілі тэрмін пакарання на год. Амністыю прымянілі ў зале суда: далі тры гады, але адразу зменшылі да двух.
"Лёша Шыдлоўскі трапляў пад амністыю, прычым яго выпусцілі па амністыі за 3 дні да сканчэння тэрміну. А таму ён наступны раз не зможа прэтэндаваць на амністыю", — дадае Павел Севярынец.
Фота: svaboda.org