Пад Хойнікамі знойдзены старадаўні склеп з трунамі і фігурамі анёлаў
Незвычайную знаходку накрылі плёнкай, непадалёк ад яе знаходзіцца надмагільная пліта 1882 года / "Гомельская праўда"
У Хойніцкім раёне знойдзены старадаўні склеп, усярэдзіне якога могуць быць пахаваныя прадстаўнікі старажытнага шляхетнага роду Аскерка, паведамляе "Гомельская праўда".
Незвычайную знаходку зрабіў трактарыст мясцовага сельгаспрадпрыемства. Ён выконваў палявыя работы каля вёскі Алексічы і ўбачыў незвычайную яму — яна ўтварылася літаральна пасярод поля. У яме мужчына пабачыў збудаванне, якое нагадвала склеп, аб сваёй знаходцы ён паведаміў кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства і мясцовым уладам. Прыбыла і міліцыя, якая агарадзіла яму і цяпер кругласутачна дзяжурыць на месцы.
Якой глыбіні сам склеп, пакуль складана сказаць. У ім бачныя выкладзеныя чырвонай цэглай сцены, а таксама край труны, на якім размешчаны анёл. На супрацьлеглым баку таксама бачны край труны і таксама ёсць такі ж анёл.
Некалькі гадоў таму на гэтым полі была знойдзена надмагільная пліта з крыжом і дзевяццю імёнамі, устаноўленая ў 1882 годзе. Спецыялісты меркавалі, што пахаванне знаходзіцца пад ёй, але па словах старажылаў, яно размяшчалася крыху далей. Новая знаходка, хутчэй за ўсё, гэта пацвярджае. Археолагі пачалі вывучаць пахаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.