Пад санкцыі ЗША трапіла кампанія, замяшаная ў блакаванне інтэрнэту ў Беларусі
Кампанія, замяшаная ў блакаванне інтэрнэту ў Беларусі, трапіла пад санкцыі, ілюстрацыйнае фота
Міністэрства гандлю ЗША ўвяло экспартныя абмежаванні на прадукцыю кампаніі Sandvine. Яе абсталяванне выкарыстоўвалася для блакавання інтэрнэту ў Беларусі ў 2020 годзе.
Sandvine — канадская кампанія, ёй у сваю чаргу валодае амерыканская Francisco Partners. Sandvine выпускае абсталяванне для маніторынгу і фільтрацыі сеткавага трафіку. З яго дапамогай можна ў тым ліку блакаваць трафік на асобныя сайты. Менавіта тэхналогіі Sandvine выкарыстоўваліся ў Беларусі ў 2020 годзе для блакавання інтэрнэту. Калі гэта стала вядома, кампанія заявіла, што ў яе праграмы дадалі "кастамны код", каб "перашкодзіць свабоднаму абмену інфармацыяй падчас беларускіх выбараў". У верасні 2020 года Sandvine скасавала здзелку з беларускімі ўладамі, назваўшы яе неэтычнай.
У 2022 годзе стала вядома, што Sandvine пастаўляла абсталяванне глыбокай фільтрацыі трафіку (DPI) расійскім правайдэрам. Кампанія заявіла, што пакінула Расію пасля пачатку вайны ва Украіне.
Аднак пад экспартны кантроль Мінгандлю ЗША Sandvine трапіла праз Егіпет. Выявілася, што яна пастаўляе DPI-тэхналогіі ўраду Егіпта, які выкарыстоўвае іх для масавага маніторынгу інтэрнэту і цэнзуры навін. Таксама гэтыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца для пераследу палітычных апанентаў улады і праваабаронцаў.
Пад санкцыі ЗША трапілі таксама філіялы Sandvine Inc у Індыі, Малайзіі, ААЭ, Швецыі ды Японіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.