Падаткавікі не палічылі Дранько-Майсюка дармаедам, а Мінкульт ― палічыў

Падаткавікі не палічылі Дранько-Майсюка дармаедам, а Мінкульт ― палічыў

Саюз беларускіх пісьменнікаў і беларускі ПЭН-цэнтр нечакана не ўвайшлі ў лік 13 творчых саюзаў, вызначаных Міністэрствам культуры. Адпаведная пастанова набыла моц 17 лютага, за тры дні да моманту, калі беларусам трэба заплаціць "падатак на дармаедства".


Дагэтуль сябры ўсіх творчых саюзаў былі вызваленыя ад скандальнага падатку, у тым ліку і сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. Па словах яго старшыні Барыса Пятровіча, падатковая не мела прэтэнзій:


"Па прапанове Міністэрства па падатках мы ім даслалі спіс сяброў нашага саюза, і яны разаслалі яго па сваіх установах. Да гэтай пастановы Мінкульта Міністэрства па падатках прэтэнзій да сяброў нашага саюза не мела".

 

Сярод тых, каму падаткавікі даслалі "лісты шчасця" апынуліся літаратары Леанід Дранько-Майсюк, Вячаслаў Корбут, Алесь Камоцкі.

 

Падаткавікі не палічылі Дранько-Майсюка дармаедам, а Мінкульт ― палічыў

"Некалькі месяцаў таму прыйшоў ліст. Я занёс даведку з Саюза і мне сказалі, што ўсё нармальна. Выкраслілі маё прозвішча з нейкага спісу і ўсё", — узгадвае Алесь Камоцкі.


Што цяпер рабіць таму ж Алесю Камоцкаму, невядома. Але крайні тэрмін аплаты падатку ― 20 лютага, далей ― пеня. У прэс-службе Міністэрства па падатках накіроўваюць у… Мінкульт:


"На дадзены момант я каментаваць гэта не магу. Гэта пытанне міністэрства культуры, з імі і размаўляйце!"


Паводле Барыса Пятровіча, Саюз беларускіх пісьменнікаў мае такія ж юрыдычныя правы, як і іншыя творчыя саюзы. Напрыклад, як Саюз пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца, які ёсць у спісе творчых саюзаў. І нават Мікалай Чаргінец мяркуе, што яго калегі мусяць апратэставаць рашэнне Мінкульта:

 

Падаткавікі не палічылі Дранько-Майсюка дармаедам, а Мінкульт ― палічыў

"Я не згодны з гэтым. Лічу, што там людзі таксама займаюцца творчасцю. Некаторыя палітыкай, але большасць ― творчасцю. Калі гэта так, гэта памылка".


Даведацца, чаму Мінкульт выключыў са спісу творчых саюзаў дзве буйныя пісьменніцкія арганізацыі, немагчыма: намесніца міністра Ірына Дрыга, да якой журналістаў адсылаюць у прыёмнай, на званкі не адказвае. Не атрымліваецца датэлефанавацца да чыноўнікаў і ў кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў.


У спісе творчых саюзаў 13 аб'яднанняў, сярод якіх "Беларуская гільдыя акцёраў кіно", "Беларускі саюз архітэктараў",  "Беларускі саюз дызайнераў", "Беларускі саюз журналістаў", "Беларускі саюз кінематаграфістаў", "Беларускі саюз кампазітараў". І грамадскае аб'яднанне "Фотамастацтва", якога насамрэч не існуе: з кастрычніка 2016-га года яно перайменаванае ў Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў.


Міністэрства культуры збірала гэты спіс творчых саюзаў амаль два гады!

 

Фота: budzma.by і БелТа

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі