Падаткавікі ўжо маюць базу з даходамі беларусаў, але хочуць яе пашырыць
Міністэрства па падатках і зборах ужо мае базу па даходах беларускага насельніцтва, але хоча яе пашырыць. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 11 сакавіка распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Міхаіл Расолька.
Цяпер у гэтую базу аўтаматычна трапляюць звесткі пра даходы ад продажу нерухомасці (іх падае Дзяржаўны камітэт па маёмасці), продажу транспарту (ДАІ) і грашовых пераводах з-за мяжы (банкі, пошта, сістэмы грашовых перакладаў).
Але падаткавікі хочуць дадаць у гэтую базу і звесткі пра заробкі беларусаў.
"Сёння ў нас разглядаецца пытанне аб загрузцы інфармацыі аб даходах, якія грамадзяне атрымліваюць па месцы працы. Гэтая праца накіраваная на стварэнне для грамадзян магчымасці паменш звяртацца па даведкі ў нейкія органы або іншым дзяржаўным органам не абавязваць грамадзян звяртацца па даведкі. Адпаведна, калі трэба будзе інфармацыя пра даходы грамадзяніна, грамадзянін можа ў асабістым кабінеце атрымаць адпаведную інфармацыю, раздрукаваць і скарыстацца ёю", — перадае TUT.by словы Расолькі.
Раней у МПЗ казалі, што ў гэтую базу хочуць уключаць звесткі пра ўсе даходы. Іншымі словамі, не толькі пра заробкі, але і пра дывідэнды, адсоткі па банкаўскіх дэпазітах і іншае.
Ідэя такой базы агучваецца як мінімум з 2018 года. Меркавалася, што яе запусцяць з 1 студзеня 2019 года, але пазней запуск перанеслі на пачатак 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.