Пагадненне аб асацыяцыі ЕС і Украіны набывае моц
З 1 лістапада пачынае часткова дзейнічаць асацыяцыя паміж Украінай і Еўрапейскім саюзам.
Аднак частка палажэнняў, якія тычацца зоны свабоднага гандлю, не будзе працаваць сама меней да канца 2015 года. Рэалізацыя палажэнняў была адкладзеная пад ціскам Расіі, якая заявіла, што на яе рынак трапіць шмат танных еўрапейскіх тавараў праз Украіну.
Мэта пагаднення аб асацыяцыі — паступова лібералізаваць гандлёвыя адносіны, у выніку чаго ўкраінскія тавары змогуць атрымаць доступ на рынкі Еўропы. Таксама ЕС дасць Кіеву матэрыяльную і тэхнічную падтрымку дзеля адаптацыі да еўрапейскага эканамічнага заканадаўства.
У адказ на гэта Украіна павінна прытрымлівацца пэўных стандартаў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі, змагацца з карупцыяй, праводзіць эканамічныя рэформы і замацоўваць вяршэнства законаў, інфармуе ВВС.
Перамовы аб асацыяцыі з ЕС ішлі яшчэ ў 2007-2011 годзе. У сакавіку 2012 году кіеўскія ўлады парафіравалі яго, але ў лістападзе 2013 году прэзідэнт Віктар Януковіч прыпыніў працэс падпісання пагаднення. Гэта стала прычынай масавых пратэстаў, у выніку якіх Януковіч уцёк у Расію.
21 сакавіка новыя ўкраінскія ўлады падпісалі палітычную частку пагаднення, а 27 чэрвеня прэзідэнт Пятро Парашэнка завізіраваў эканамічны блок дакумента. У верасні адбыліся трохбаковыя перамовы паміж ЕС, Украінай і Расіяй, у выніку якіх Расія дамаглася адтэрміноўкі ўвядзення палажэння аб зоне свабоднага гандлю за 31 снежня 2015 года.
Да гэтага часу ЕС будзе даваць гандлёвыя прывілеі Украіне, але пры гэтым еўрапейскія тавары, якія паступаюць на ўкраінскі рынак, будуць абкладацца ранейшым мытам. Да канца 2015 году захаваецца і рэжым свабоднага гандлю для Украіны ў рамках СНД.
Але ж пры гэтым Расія забараніла ўвозіць з Украіны раслінную прадукцыю. Яшчэ раней Масква абмежавала імпарт украінскіх сокаў, малочнай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў, кансерваў з садавіны і гародніны, а таксама асобных відаў алкаголю.