Пагроза Трэцяй сусветнай: канфлікты, у якіх счапіліся звышдзяржавы
Кавідны 2020 год выглядае не так ужо дрэнна ў параўнанні з 2022-м / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У пачатку 2022 года французскі аглядальнік Ален Фрашон папярэдзіў, што ва Украіне, Іране і ля берагоў Тайваня магчымая вайна. З тых часоў адбылося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Абстаноўка ў Іране і вакол Тайваня таксама абвастрылася.
У кантэксце гэтых канфліктаў непазбежна згадваюцца тры сусветныя гіганты — ЗША, Кітай і Расія. Гэта наводзіць на думкі пра імавернасць Трэцяй сусветнай вайны. А ўночы з 31 ліпеня на 1 жніўня была нагода больш актыўна, чым звычайна, сачыць за навінамі: Сербія была блізкая да развязвання ўзброенага канфлікту ў Косаве.
Еўрарадыё прыгадала, дзе сітуацыя становіцца ўсё больш небяспечнай і пагражае ўсяму свету.
Вайна ва Украіне
Пра тое, што вайна ва Украіне можа перарасці ў сусветную, паспелі заявіць і Трамп, і Байдэн. Мабыць, таму, нават падтрымліваючы Украіну, ЗША актыўна заяўляюць, што грамадзяне ЗША ва Украіне не будуць ваяваць. Маўляў, ніякага прамога сутыкнення Расіі з НАТА. Гэта, на думку Байдэна, дакладна прывяло б да Трэцяй сусветнай. З гэтай жа прычыны НАТА дагэтуль не закрыла неба над Украінай.
Іран турбуе ЗША і Ізраіль, узбагачаючы ўран. Гэта набліжае Іран да стварэння ядзернай зброі. Улады гэтай краіны заявілі нават, што ўсе тэхнічныя магчымасці для гэтага ёсць, але такіх мэтаў урад пакуль не ставіць.
Цяга Ірана да ядзернай зброі падштурхоўвае ЗША і Ізраіль да ўдару па ядзерным комплексе Ірана, які не застанецца без адказу, лічыць Ален Фрашон. Пакуль спробы вярнуцца да пагадненняў, па якіх Іран павінен абмяжоўваць сваю ядзерную праграму ў абмен на зняцце санкцый ЗША і іншых краін, беспаспяховыя.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў, што свет перажывае ядзерную небяспеку, "нябачаную з часоў халоднай вайны", а "крызісы з ядзерным падтэкстам гнаяцца". Тут Гутэрыш меў на ўвазе таксама Паўночную Карэю і вайну ва Украіне.
Кітай — Тайвань
Каля 73 гадоў адносіны паміж Кітаем і Тайванем напружаныя. Пасля перамогі камуністаў на мацерыку ў Кітаі востраву Тайвань удалося моцна прасунуцца ў частцы дэмакратыі. А таксама з 1949 года займець сваё войска, Канстытуцыю і ўрад. Аднак Кітай хоча вярнуць "сваю" правінцыю.
Ужо 14 гадоў, як Косава абвясціла незалежнасць, але Сербія ўсё яшчэ лічыць яго сваім рэгіёнам. Планавалася, што з 1 жніўня ў Косаве не будуць прызнаваць сербскія дакументы, якія пацвярджаюць асобу. Замест іх павінны былі выдавацца косаўскія. Тое самае з нумарнымі знакамі аўтамабіляў.
Тады прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч наведаў Генштаб і ўвечары 31 ліпеня заявіў, што Косава збіраецца правесці сілавую аперацыю супраць сербаў, якія жывуць на поўначы рэгіёна. Атрымліваецца, іх трэба "ратаваць".
Сербскі дэпутат Уладзімір Джуканавіч увогуле напісаў у твітары пра "дэнацыфікацыю":
— Мне ўсё здаецца, што Сербія будзе вымушаная пачаць дэнацыфікацыю Балкан.
Рашэнне аб дакументах улады Косава перанеслі на месяц. Канфлікт стаўся замарожаным, але не вырашаным. Пры гэтым сілы НАТА ў Косаве (KFOR) паведамілі, што гатовыя дзейнічаць, калі спакой у Косаве апынецца пад пагрозай. А ў Крамлі заявілі, што падтрымліваюць Сербію ў супрацьстаянні з Косавам. На думку гісторыка Аляксандра Фрыдмана, гэта "можа стаць новым фронтам Трэцяй сусветнай вайны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.