На Балканах ледзь не пачалася новая вайна. Але яе адклалі
Міратворцы на мяжы Сербіі і Косава / архіўнае фота, Reuters
31 ліпеня на Балканах ледзь не пачалася новая вайна. Напружанне паміж Сербіяй і Косавам выклікала сур'ёзныя размовы пра тое, што ўсё можа прывесці да ўзброенага канфлікту. Аднак пакуль што вайну "адклалі". Коратка расказваем, што адбылося.
Спрэчка вакол дакументаў
Паводле планаў уладаў Косава з 1 жніўня на мяжы з Сербіяй павінны былі прымяняцца новыя правілы афармлення асобы. Сербы, якія прыбываюць у краіну, павінны былі здаваць сербскія дакументы, наўзамен атрымліваць часовыя косаўскія. Аналагічным чынам ужо нейкі час да жыхароў Косава ставіцца Сербія: у Бялградзе дагэтуль не прызнаюць незалежнасць краіны і лічаць яе сваім рэгіёнам.
Таксама ад жыхароў Паўночнага Косава патрабавалі аформіць машыны на косаўскія нумарныя знакі замест сербскіх.
Аднак планы афіцыйнай Прышціны выклікалі сур'ёзную незадаволенасць у Сербіі. Хоць гэта люстраныя меры, частка мясцовых СМІ, у тым ліку расійскі "Спутник Сербия", пачалі пісаць пра прыгнёт і "выгнанне" этнічных сербаў з тэрыторыі Косава.
Рэч у тым, што ў Паўночным Косаве жывуць пераважна сербы — і яны, у адрозненне ад касавараў, не прызнаюць уладу ў Прышціне. Тое, што да косаўцаў у Сербіі ўжываліся такія ж нормы, іх не асабліва турбавала.
Рост напружанасці
У нядзелю (31 ліпеня) пратэстоўцы з Паўночнага Косава пачалі блакаваць дарогі, якія вядуць да памежных пераходаў. Барыкады рабілі з грузавікоў з жвірам і іншай цяжкай тэхнікі.
Паралельна з'яўляліся звесткі пра збор сербскіх войскаў на мяжы з Косавам. Аналагічная інфармацыя была і пра косаўскі спецназ. Да аднаго з мастоў былі сцягнутыя Міжнародныя сілы бяспекі ў Косаве (KFOR), якія дзейнічаюць пад эгідай НАТА.
З'яўлялася інфармацыя і пра нібыта страляніну ў некаторых раёнах, аднак яна не пацвердзілася. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч вечарам экстранна прыязджаў у Генштаб, але запэўніваў, што "моліцца за мір". Ён жа заклікаў усіх "супакоіцца" і не дапусціць вайны.
Сітуацыя была на мяжы... Але, здаецца, вырашылася. Часова.
Вайна адкладаецца або адмененая?
Пасля кансультацый з еўрапейскімі і амерыканскім амбасадарам улады Косава вырашылі адкласці ўвядзенне новых нормаў на месяц — гэта значыць, што яны набудуць моц з 1 верасня. У жыхароў Паўночнага Косава, такім чынам, будзе больш часу на тое, каб выканаць патрабаванні мясцовага заканадаўства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.