Палата прадстаўнікоў цэлы месяц разглядала не той бюджэт?

5 лістапада, праз 5 тыдняў пасля пачатку восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў, дэпутаты нарэшце атрымалі праект бюджэту на 2014 год. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнік прэс-службы Савета міністраў Вольга Доўгая:

“У нас толькі прынятае рашэнне накіраваць праект бюджэту ў парламент. І сёння, я думаю, ён ужо там будзе”.

Дэпутаты, з якімі давялося паразмаўляць Еўрарадыё, старанна робяць выгляд, што яшчэ і ў вочы не бачылі праекта бюджэту.

“Бюджэту ніякага не было. Афіцыйна не быў нідзе ўнесены”, — кажуць Еўрарадыё ў прыёмнай Камісіі па бюджэце і фінансах.

Старшыня камісіі Людміла Дабрыніна кажа, што турбаваць дэпутатаў па гэтым пытанні пакуль не трэба:

“Не, вы тармасіце зарана!”

Яшчэ ў канцы верасня Людміла Анатолеўна казала, што на ўнутраным сайце Палаты прадстаўнікоў ёсць “матэрыялы” бюджэту, “прадастаўленыя ўрадам”. Еўрарадыё мяркуе, што неўзабаве з’явіўся і сам праект бюджэту, існаванне якога дэпутаты зараз хаваюць. Бо няёмка атрымліваецца: цэлы месяц абмяркоўвалі закон, які ўраду ў выніку давялося перапісваць! Ускосна гэтую здагадку пацвярджае адна з памочніц дэпутата:

“У іх [дэпутатаў. — Еўрарадыё] вельмі шмат пытанняў па бюджэце!”

Ну немагчыма мець вельмі шмат пытанняў да таго, чаго няма! Еўрарадыё здабыла праект бюджэту, якім, верагодна, валодалі і дэпутаты. Ён разлічаны, зыходзячы з новага падатку на дададзеную вартасць (ПДВ), — 22% замест 20%. Гэты праект бюджэту меў дэфіцыт больш як у 10 трыльёнаў рублёў.

Але 31 кастрычніка віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч паведаміў, што ўрад адмовіўся ад падвышэння стаўкі ПДВ. У 2014 годзе яе плануецца захаваць на ўзроўні ў 20%. Што азначае яшчэ большае скарачэнне даходаў бюджэту.

У Мінфіне, які “вярстае” бюджэт, 5 лістапада кажуць, што яго праект гатовы. І спасылаюцца на сваю залежнасць ад Мінэканомікі:

“Параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны фінансавы год распрацоўвае Міністэрства эканомікі. На падставе гэтага прагнозу мы складаем бюджэт”.

А Мінэканомікі за апошнія два тыдні двойчы пераглядала рост інфляцыі і валавога ўнутранага прадукту, агучаныя ў сярэдзіне верасня. Апошні раз макраэканамічныя паказчыкі былі пералічаныя 30 кастрычніка. Адпаведна, праект бюджэту давялося карэктаваць.

Восеньская сесія Нацыянальнага сходу пачалася 2 кастрычніка. Яе працягласць не можа скласці болей за 80 дзён, час у дэпутатаў яшчэ ёсць. Але што будзе, калі Палата прадстаўнікоў усё ж не паспее разгледзець бюджэт у час? Распавядае незалежны аналітык Сяргей Чалы:

“Пачынае працаваць прынцып прапарцыйнасці старому бюджэту. Выдаткі фінансуюцца ў такой жа долі, што і ў бюджэце мінулага года”.

Фота: news.mail.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі