Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб амністыі да Дня Перамогі
5 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў двух чытаннях законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае БЕЛТА.
Законапраект прадставіў міністр унутраных спраў Юрый Караеў. Па яго словах, па амністыі ад розных відаў пакаранняў будуць вызваленыя 5372 асуджаныя. З месцаў пазбаўлення волі — 1985 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу ("хімія") — 727, з крымінальна-выканаўчых інспекцый — 2660.
Акрамя таго, для 6400 чалавек будзе скарочаны тэрмін пакарання на 1 год. У параўнанні з амністыяй 2019 года спіс такіх асобаў павялічыўся. У яго ўвайшлі непаўналетнія, якія здзейснілі злачынствы па частках 4 і 5 арыткула 328 Крымінальнага кодэкса, і асобы, асуджаныя за карупцыйныя злачынствы.
Традыцыйна пад амністыю трапляюць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інваліды I і II груп ды некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.