Паліцыя завяршае эксгумацыю целаў каля ўкраінскага Ізюма

На месцы масавага пахавання пад Ізюмам / hromadske.ua

Нацпаліцыя Украіны завяршае эксгумацыю целаў з масавага пахавання каля Ізюма на Харкаўшчыне, перадае hromadske.ua.

Там выявілі ўжо 447 целаў загінулых і закатаваных украінцаў. Такую лічбу назваў першы намеснік начальніка Галоўнага следчага ўпраўлення вобласці Сяргей Панцялееў.

Сярод эксгумаваных целаў — 202 жанчыны, 189 мужчын і пяцёра дзяцей. 11 целаў знявечаныя настолькі моцна, што выявіць іх пол пакуль не ўдалося. У брацкай магіле знайшлі целы 22 украінскіх вайскоўцаў.

Большасць выяўленых целаў мае прыкметы гвалтоўнай смерці. Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў кажа, што былі знойдзеныя целы з вяроўкай на шыі, са звязанымі рукамі, з паламанымі канечнасцямі і з агнястрэльнымі ранамі. У некалькіх мужчын ампутаваныя геніталіі.

Праваахоўнікам удалося высветліць асобы больш як траціны выяўленых целаў.

Па словах Сінягубава, гэта не адзінае масавае пахаванне ў Ізюме. У гэтым раёне знайшлі яшчэ прынамсі тры такія пахаванні. Выяўленыя яны і ў іншых вызваленых гарадах Харкаўшчыны.

На вызваленых тэрыторый Харкаўшчыны паліцыя выявіла таксама 18 месцаў, дзе расійскія акупанты трымалі і катавалі ўкраінцаў — у Купянску, Ізюме, Балаклеі ды інш.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.