Палітолаг: Пасля рэферэндуму ў Галандыі Украіна хутчэй атрымае бязвізавы рэжым
Нідэрландцы на рэферэндуме прагаласавалі супраць Асацыяцыі з Украінай. Больш за 61% выступае супраць ухвалення дамовы, за — 38%. У рэферэндуме паўдзельнічала каля 32,2% выбаршчыкаў, гэтага дастаткова, каб прызнаць, што галасаванне адбылося (неабходны мінімум 30%).
Даведка: Пагадненне аб асацыяцыі з Украінай — міжнародная дамова, якая мае мэту паглыбіць інтэграцыю паміж Украінай і Еўрапейскім саюзам у сферах палітыкі, гандлю, культуры і ўмацавання бяспекі. Пагадненне аб асацыяцыі замяніла ранейшае пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж еўрапейскімі супольнасцямі і Украінай.
Нідэрланды — адзіная краіна якая не да канца ратыфікавала Пагадненне аб асацыяцыі. Парламент каралеўства яго ўзгадніў, але для прыняцця канчатковага рашэння чакалі вынікаў рэферэндуму. І хоць афіцыйна ён мае статус рэкамендацыйнага, нідэрландскія палітыкі ўжо выказаліся пра тое, што наступствы будуць сур’ёзныя.
Міністр замежных спраў Нідэрландаў Берт Коэндэрс кажа, што праігнараваць вынікі ўжо немагчыма:
“Цяпер ратыфікацыя не можа ажыццяўляцца так, як меркавалася раней. Таму мы мусім перайсці да пакрокавага падыходу. Нас чакаюць перамовы з урадам, з парламентам, з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, а таксама з Украінай, каб зразумець, якія наступствы можа мець гэтае рашэнне”, — распавядае палітык Euronews.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заяўляе, што арганізатары галасавання атакавалі не Пагадненне аб асацыяцыі, а адзінства Еўропы і распаўсюд еўрапейскіх каштоўнасцяў. Ён дзякуе ўсім нідэрландцам, якія галасавалі за пагадненне, і тым, хто праводзіў папулярызацыю Украіны ў Нідэрландах.
“Падкрэсліваю: мы не звернем з дарогі еўраінтэграцыі. Украіну, як і свабоду, не спыніць”, — заяўляе ў Пётр Парашэнка ў сваёй прамове.
Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ сказала, што нідэрландцы прадэманстравалі жаданне пераменаў у ЕС:
“Мы паважаем рашэнне жыхароў Нідэрландаў. Вынікі рэферэндуму адлюстроўваюць жаданне нідэрландскіх грамадзян стымуляваць змены ў самім Еўрасаюзе, зрабіць яго больш адкрытым для сваіх людзей. Задача Літвы, як і ўсёй Еўропы, — працягнуць актыўную падтрымку еўрапейскага выбару Украіны”.
Былы прэм’ер Швецыі Карл Більт напісаў у Твітары:
“Пагадненне аб асацыяцыі ўжо зацверджанае 29 дэмакратычнымі парламентамі краін Еўрасаюза. Супраць у Нідэрландах выказаліся толькі 0,006% ад агульнага электарату Еўрасаюза”.
Agreement EU/Ukraine already approved by 29 democratic EU parliaments. Those voting No in Netherlands today are 0,006% of electorate in EU.
— Carl Bildt (@carlbildt) April 6, 2016
Дык ці зменіцца характар інтэграцыі Украіны з ЕС пасля вынікаў рэферэндуму?
На думку ўкраінскага палітолага Яўгена Магды, вынікі рэферэндуму не трэба драматызаваць. Пагадненне аб асацыяцыі ў эканамічнай частцы дзейнічае ўжо цяпер.
“А што да бязвізавага рэжыму, я мяркую, што сітуацыя ў Нідэрландах згуляе на руку Украіне. То бок Украіна можа атрымаць бязвізавы рэжым як дэманстрацыю сур’ёзнасці намераў Еўрасаюза развіваць адносіны з ёй”, — мяркуе палітолаг.
Ён дадае, што рэферэндум прынясе больш негатыву не Украіне, а аб’яднанай Еўропе, бо ёй давядзецца прымаць складанае рашэнне — большасць дзяржаў падтрымліваюць дамову аб асацыяцыі.
Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс мяркуе, што адносіны Еўрасаюза і Украіны застануцца ў ранейшым рэчышчы, бо Брусель зацікаўлены ў збліжэнні з Кіевам. У тым ліку і таму, што ад гэтага залежыць будучыня Усходняга партнёрства і Еўрасаюза.
“Гэта можа стаць знакам Еўрасаюзу, што хопіць быць расхістанымі і трэба кансалідавацца і больш думаць пра сумесныя дзеянні”, — дадае Юрконіс.
Галасаванне ў Нідэрландах было ініцыяванае групай актывістаў-еўраскептыкаў Geenpeil, якая сабрала неабходную колькасць подпісаў у кастрычніку 2015 года. Прэм’ер-міністр краіны Марк Рутэ выступаў за ратыфікацыю дамовы аб Асацыяцыі Украіны з ЕС. Апазіцыйныя сілы выказваліся супраць.