Палітолаг: У Кіеве Лукашэнка праз Парашэнку вёў перамовы з Захадам

Падчас сустрэчы ў Кіеве кіраўнік Беларусі паабяцаў Пятру Парашэнку дапамагаць Украіне “па першым званку”, надалей даваць пляцоўку для перамоў па Данбасе і прапанаваў трансляваць у Беларусі адзін з украінскіх тэлеканалаў. У адказ прэзідэнт Украіны прапанаваў Аляксандру Лукашэнку спрыянне ў развіцці адносінаў Беларусі з краінамі Еўрасаюза ў рамках "Усходняга партнёрства". 
 
Няўжо гэта сапраўды менавіта тыя пытанні, дзеля якіх неабходна было так раптоўна арганізоўваць сустрэчу кіраўнікоў дзвюх краін? Беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч упэўнены, што ў Лукашэнкі былі дзве галоўныя мэты: нагадаць пра сябе як галоўнага міратворца ў канфлікце на Данбасе і чарговы раз паспрабаваць шантажаваць Маскву. Ну, вы памятаеце: “Калі вы нас фінансава не падтрымаеце, то мы можам у іншы ад Масквы бок павярнуцца”.
 
Валерый Карбалевіч: “Я нагадаю, што заўтра ў Маскве вялікі саміт і АДКБ, і ЕўрАзЭС, і вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. І вось напярэдадні гэтых самітаў Лукашэнка хоча націснуць на Расію. І, магчыма, выбіць з Пуціна на наступны год нейкую фінансавую падтрымку”. 
 
                                     Валерый Карбалевіч
 
Не ўсё так відавочна, не пагаджаецца з калегам старшыня праўлення Інстытута ўкраінскай палітыкі Косць Бандарэнка. На самай справе, упэўнены палітолаг, на перамовах “Лукашэнку былі прапанаваныя пэўныя мэсіджы з боку Захаду праз Парашэнку”. І таму перамовы ў Кіеве фактычна былі перамовамі з Захадам для кіраўніка Беларусі.
 
Косць Бандарэнка: “Сустрэча, якая пакінула вельмі шмат пытанняў, была прысвечаная акурат высвятленню ўзаемаадносінаў паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй ва ўмовах глабальнага супрацьстаяння заходняга свету і Расіі”.
 
Суразмоўца Еўрарадыё ўпэўнены: нейкія прапановы ці абяцанні Вашынгтона і Бруселя Парашэнка Лукашэнку перадаў. Толькі якія, адказаць немагчыма. Прычым сёння Захад не асабліва хвалюе пытанне даверу беларускаму кіраўніку, які ўжо неаднаразова гуляў у палітычныя арэлі паміж Усходам і Захадам.
 
Косць Бандарэнка: “Любы сігнал ад лідара любой з постсавецкіх краін, што знаходзіцца ў арбіце ўплыву Расійскай Федэрацыі, успрымаецца ў Вашынгтоне і Бруселі з надзеяй, і ніхто не думае, што будзе потым. Усе лічаць, што любая іх крытычная заўвага ў бок Расіі — ледзь не клятва на вернасць новым гаспадарам”.
 
                                Косць Бандарэнка
 
А кіраўнік Беларусі апошнім часам зрабіў досыць шмат крытычных заяў у бок Крамля. Адно жаданне перайсці з Расіяй на разлік у валюце чаго вартае, прыгадвае Косць Бандарэнка.
 
Поспехі ў стварэнні іміджу міратворцы і ў гандлі з Расіяй санкцыйнымі еўрапейскімі таварамі, заявы заходніх лідараў пра іх гатоўнасць да дыялогу з афіцыйным Мінскам прывялі Лукашэнку ў стан пэўнай эйфарыі, дзеліцца ўражаннямі ад паездкі ў Кіеў беларускага лідара дырэктар расійскага паліталагічнага цэнтра “Поўнач-Поўдзень” Юлія Якушава. І ў стане гэтай эйфарыі ён спрабуе вярнуцца да шантажу Масквы імітацыяй рухаў у бок Захаду. Што можа быць небяспечным для Беларусі.
 
Юлія Якушава: “Знаходзячыся ў стане нейкай магчымай эйфарыі, Лукашэнка можа крыху перабольшыць свае магчымасці і свае здольнасці рэальна ўплываць на сітуацыю. Еўропа і Захад увогуле, нягледзячы на больш мяккую рыторыку адносна Беларусі, зразумела, найбліжэйшым часам не пойдуць на больш шчыльнае збліжэнне з Беларуссю. Бо пэўны імідж быў яму створаны ў СМІ пасля выбараў 2010 года, і вельмі складана будзе патлумачыць сваім выбаршчыкам, чаму раптам нерукапаціскальны палітык ператварыўся ў сябра Захаду. Таму тут можна гуляць у нейкую шматвектарнасць, але ёсць і вялікая рызыка прайграць свае пазіцыі ў адносінах менавіта з Расіяй”. 
 
У тым, што Лукашэнка любымі сродкамі паспрабуе дабіцца ад Масквы нейкіх новых эканамічных прэферэнцый, Юлія Якушава не сумняваецца. Да прыкладу, не выключана, што ўвесь гандаль паміж нашымі краінамі сапраўды будзе пераведзены на валютныя разлікі. Праўда, дадае, што Беларусь ад гэтага нічога не выйграе, бо, маўляў, беларускія тавары стануць занадта дарагія і іх ніхто не захоча набываць. 
 
Эксперты раяць пачакаць заканчэння візіту ў Кіеў кіраўніка Казахстана і самітаў у Маскве. Маўляў, тады стане больш відавочны вынік візіту ў Кіеў кіраўніка Беларусі.

Фота: з архіва Канстанціна Бандарэнкі, zn.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі