Палітолага Карбалевіча ў аэрапорце Франкфурта затрымала нямецкая паліцыя
Ён накіроўваўся ў Страсбург на Сусветны форум за дэмакратыю. Але паліцыя не пусціла яго на тэрыторыю Германіі з-за славацкай візы.
Вядомага беларускага палітолага Валерыя Карбалевіча 2 лістапада затрымала нямецкая паліцыя ў аэрапорце Франкфурта-на-Майне. Ён меў афіцыйнае запрашэнне і накіроўваўся ў Страсбург на Сусветны форум за дэмакратыю ў складзе беларускай групы, запрошанай для азнаямлення з працай Савета Еўропы. Усе ўдзельнікі форумe змаглі прайсці памежны кантроль, а Карбалевіч — не:
“У мяне віза выдадзеная консульствам Славакіі. І гэта быў першы ўезд на тэрыторыю Шэнгена. Нямецкая паліцыя вырашыла, што я не маю права ўезду на тэрыторыю Германіі. Раней я быў перакананы, што магу прыехаць па ёй. Аказваецца, не магу”, — расказвае Карбалевіч у гутарцы з Еўрарадыё.
Па словах палітолага, у транзітную зону яго адпусцяць ужо сёння. Аднак зваротны квіток да Мінска ён мае толькі на 5 лістапада.
Фота — svaboda.org