Палітуцякач: Як толькі будзе хісткае становішча, шмат хто вернецца

“Знаходзячыся тут і размаўляючы з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі Літвы і іншых еўрапейскіх краін усё ж прасцей расказаць аб сітуацыі, якая адбываецца у Беларусі”, — гаворыць Алег Мяцеліца, адзін з актыўных дзеячаў “Беларускага палітычнага прадстаўніцтва ў Літве”.

121108_pilecki_emigranty.mp3

Мяцеліца падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі працаваў у камандзе Някляева, а пасля сумнавядомых падзей 19 снежня разам з яшчэ некалькімі паплечнікамі асеў у Вільні. Расказвае, што на пачатку думаў працягваць займацца палітычнымі справамі, аднак на практыцы выйшла крыху інакш.

“Робім мерапрыемствы для людзей, якія цяпер дзейнічаюць у Беларусі. Дапамагаем структурам, арганізацыям. Культурныя мерапрыемствы рыхтуем у Вільні — знаёмім літоўцаў з нашай культурай, канцэрты арганізуем, выставы. Такая праца”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў з’ехаў з краіны і актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Зміцер Бародка. Цяпер ён узначальвае “Беларускі дом у Варшаве”. Кажа, што працаваць за мяжой больш зручна хаця б таму, што можна дзейнічаць абсалютна легальна і не баяцца пры гэтым пераследу спецслужб. Бародка расказвае пра некалькі накірункаў дзейнасці.

“Перш за ўсё, гэта дапамога. У тым ліку, і інфармацыйная дапамога тым беларусам, якія апынуліся за мяжой.”

Акрамя гэтага, “Беларускі дом у Варшаве” імкнецца аб’яднаць беларускіх палітычных эмігрантаў, якія па нейкіх прычынах знаходзяцца ў Польшчы. Справа няпростая, калі ўлічыць, колькі народу самых разнастайных поглядаў з’ехала з Беларусі за заходнюю мяжу за апошнія 18 гадоў.

Кіраўнік руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык у Кіеў з’ехаў таксама пасля выбараў 2010 года. Распавядае, што за гэты час пастараўся распавесці украінцам пра беларускія праблемы.

“Пасля таго, як я апынуўся ва Украіне, тут было праведзена больш за сотню розных акцый — у падтрымку палітвязняў, культурніцкія акцыі. Таксама праводзілася палітычная праца”.

Быць беларускім палітуцекачом у Кіеве робіцца ўсё больш складана. Вячаслаў Сіўчык расказвае, што за апошнія гады украінцы на сабе адчуваюць перамены, якія ўсё больш набліжаюць Украіну да Беларусі. Адпаведна, карысці ад палітычнай эміграцыі за паўднёвую мяжу робіцца ўсё менш.

Вячаслаў Дзіянаў, імя якога грымела разам з маўклівымі пратэстамі ўсё лета 2011 года, цяпер асеў у Польшчы. Гаворыць, што атрымоўваецца ў яго там далёка не ўсё. Але не адчайваецца.

“Калі казаць пра тое, ці ўсё атрымалася — то, вядома, што не. Ёсць планы на будучыню, ёсць цікавыя нарыхтоўкі. Але гэта пакуль толькі планы. Вось літаральна месяц таму адкрылі фонд “Інтэграцыйны мост”. Думаю, цяпер будзе больш магчымасцяў”.

Дзіянаў абяцае вярнуцца ў арганізацыю масавых акцый пратэсту. Сцвярджае, што ён разам са сваёй камандай гатовы пільна сачыць за імі і па неабходнасці каардынаваць. Рабіць гэта ён будзе праз інтэрнэт і з-за мяжы. Пытанне пра вяртанне палітэмігрантаў у Беларусь збівае Вячаслава з упэўненых разважанняў аб змаганні і барацьбе. Гаворыць, што ўсё залежыць ад сітуацыі.

“Я думаю, што калі будзе хісткае становішча, то шмат хто пачне вяртацца. У той момант, калі памяняецца ўлада. Людзі сядзяць, прыглядваюцца — што і калі адбываецца. Можа, гэта для некага з боку і выглядае прагматычна ды эгаістычна”.

Гэтак жа думае і Зміцер Бародка. А вось са студэнтамі, якія з’язджаюць навучацца ў ЕГУ, альбо па праграме Каліноўскага — складаней. Бародка мяркуе, што іх вяртанне ў краіну цалкам залежыць ад палітыкі дэмакратычных уладаў.

“Гэта ўсё залежыць ад новай улады. Наколькі яны змогуць іх заангажаваць, наколькі новыя ўлады будуць зацікаўленыя ў прыцягненні маладых спецыялістаў”.

Каб пабачыць, ці спраўдзіцца прагноз аб вяртанні ў Беларусь палітычных уцекачоў, трэба ўсяго толькі дачакацца новай улады.

“Калі казаць пра тое, ці ўсё атрымалася — то, вядома, што не. Ёсць планы на будучыню, ёсць цікавыя нарыхтоўкі. Але гэта пакуль толькі планы. Вось літаральна месяц таму адкрылі фонд “Інтэграцыйны мост”. Думаю, цяпер будзе больш магчымасцяў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі