Палітвязня Дзмітрыя Карнеева перавялі з калоніі ў турму
Дзмітрый Каранееў / flagstok.info
Палітзняволенага Дзмітрыя Карнеева, які раней быў асуджаны на 8 гадоў калоніі строгага рэжыму, перавялі ў турму, паведамляюць праваабаронцы.
Першапачаткова Карнеева судзілі паводле трох артыкулаў КК: за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293); за незаконныя набыццё і перавозку прадметаў з выкарыстаннем гаручых рэчываў (ч. 1 арт. 295-3), а таксама за гвалт альбо пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (арт. 364). Абвінавачванні паводле апошняга артыкула суд у выніку зняў, паведамлялі журналісты з залы суда.
Ужо ў калоніі супраць Дзмітрыя пачалі яшчэ адну крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Суд адбыўся яшчэ ў снежні. Карнеева зноў прызналі вінаватым і зрабілі яго пакаранне больш жорсткім — адправілі на 3 гады ў турму. Цяпер ён знаходзіцца ў гарадзенскай турме №1.
Разам з Дзмітрыем Карнеевым па першай крымінальнай справе праходзілі 29-гадовы Леанід Кавалёў і непаўнагадовы падлетак Мікіта Залатароў. Паводле версіі следства, Кавалёў вырабіў два "кактэйлі Молатава" і прапанаваў Дзмітрыю Карнееву і 16-гадоваму Мікіту Залатарову кінуць іх у гарадскі аўтобус ці аўтазак. Кавалёў і Залатароў сваю віну не прызналі. Карнееў прызнаў часткова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.