Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў гомельскім СІЗА

Паліна Шарэнда-Панасюк у зняволенні

Паліна Шарэнда-Панасюк у зняволенні / t.me/ATN_BTRC/

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў следчым ізалятары № 3 Гомеля. Пра гэта ў сацсетках паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.

"Паліна нарэшце знайшлася, — піша ён. — Не ведаем, колькі доўжыўся чарговы этап, але Паліна ізноў у СІЗА-3 Гомеля. У бліжэйшыя некалькі месяцаў Паліну чакае новы "суд", да якога яна будзе знаходзіцца там"

Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсці на волю 21 траўня. Аднак за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА па новай крымінальнай справе. Палітзняволеную вінавацяць у "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі". Яе адпраўлялі ў мінскі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя на чарговую экспертызу.

Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. За кратамі яна са студзеня 2021 года. У чэрвені 2021-га Паліна была асуджана на 2 гады пазбаўлення волі (яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянераў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі"). Потым яе яшчэ двойчы судзілі за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Агульны тэрмін склаў 4 гады пазбаўлення волі. Вясной сёлета прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Палінай Шарэнда-Панасюк. У ім яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Але ў траўні з калоніі яе адправілі ў следчы ізалятар у Гомелі — рэжым вырашыў яе не выпускаць на волю.

Усе гэтыя гады палітзняволеная за кратамі трымалася мужна. Рада БНР узнагародзіла яе медалём ордэну Пагоні.

На волі Паліну Шарэнда-Панасюк чакаюць двое дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі