Памежны камітэт паказаў відэа, як правяралі машыну ўкраінскага амбасадара
Памежны камітэт у адказ на заявы ўкраінскага амбасадара Ігара Кізіма апублікаваў відэаролік догляду яго машыны.
Пра гэты інцыдэнт украінскі амбасадар распавёў напярэдадні ў інтэрв'ю. 5 верасня пры перасячэнні беларускай мяжы яго аўтамабіль агледзелі памежнікі.
"Дагледзелі мае асабістыя рэчы, што ўвогуле не адпавядае дыпламатычнай практыцы. Прымусілі мяне адкрыць аўтамабіль, паказаць, што ў багажніку. Я за 27 гадоў працы ні разу не сутыкаўся з такім", — абурыўся дыпламат.
У відэа, якое апублікаваў Дзяржаўны памежны камітэт, памежнік кажа, што хоча агледзець аўтамабіль дыпламата. Той нагадвае пра Венскую канвенцыю, якая не дазваляе даглядаць рэчы дыпламата без важкіх прычынаў. У адказ памежнік заяўляе, што ён не будзе даглядаць асабісты багаж, а просіць толькі адчыніць заднюю дзверку машыны, каб зазірнуць унутр.
Кізім папярэджвае памежніка, што гэтымі дзеяннямі ён можа пачаць дыпламатычную вайну паміж Беларуссю і Украінай. Аднак амбасадар выканаў патрабаванні беларускага памежніка. Той заглянуў у машыну з ліхтарыкам і сказаў, што гэтага дастаткова. Выглядала ўсё так, быццам у Кізіма правяралі, ці не вязе ён кагосьці праз мяжу ў багажніку аўто.
У дадатак да роліка прэс-служба Памежнага камітэта дала спасылку на Венскую канвенцыю, каб даказаць, што нічога не парушыла.
Артыкул 36 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах (прынятая 18 красавіка 1961 года):
1. Дзяржава знаходжання, у адпаведнасці з прынятымі ёй законамі і правіламі, дазваляе ўвозіць і вызваляе ад усіх мытных пошлін, падаткаў і звязаных з гэтым збораў, за выключэннем складскіх збораў, збораў за перавозку і падобнага роду паслугі:
a) прадметы, прызначаныя для афіцыйнага карыстання прадстаўніцтва;
b) прадметы, прызначаныя для асабістага карыстання дыпламатычнага агента або членаў яго сям'і, якія жывуць разам з ім, уключаючы прадметы, прызначаныя для яго абзавядзення.
2. Асабісты багаж дыпламатычнага агента вызваляецца ад дагляду, калі няма сур'ёзных падстаў меркаваць, што ен змяшчае прадметы, на якія не распаўсюджваюцца канфіскацыі, згаданыя ў пункце 1 гэтага артыкула, або прадметы, ўвоз ці вываз якіх забаронены законам або рэгулюецца каранціннымі правіламі дзяржавы знаходжання. Такі дагляд павінен праводзіцца толькі ў прысутнасці дыпламатычнага агента або яго ўпаўнаважанага прадстаўніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.