Памёр журналіст Генадзь Кеснер
Генадзь Кеснер / t.me/bajby
Не стала журналіста Генадзя Кеснера, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Яму было 50 гадоў.
Кеснер працаваў у розных недзяржаўных медыя. У пачатку 90-х працаваў на Беларускім радыё ў "Белорусской молодёжной", адтуль разам з калегамі сышоў ствараць легендарную радыёстанцыю 101,2. Апошнія гады супрацоўнічаў з выданнем "Новы час".
Радыё 101,2, дзе тады працавалі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў і многія іншыя, беларускія ўлады закрылі ў 1996-м, матывуючы тым, што радыё на гэтай частаце перашкаджае радыёсувязі мінскай міліцыі. Газета "Новы час" , дзе ў апошнія гады працаваў Кеснер, трапіла пад рэпрэсіі ў 2021-м. У жніўні выданне адмовілася ад друкаванай версіі, у кастрычніку быў заблакаваны сайт.
У апошнія гады Генадзь Кеснер змагаўся з цяжкай хваробай. Ён "быў адным з першапраходцаў незалежнай радыёжурналістыкі ў Беларусі, станавіўся лаўрэатам журналісцкіх конкурсаў і ўзнагарод", нагадалі ў БАЖ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.