Парашэнка патрабуе ад ЕС узмацніць санкцыі супраць Расіі
Санкцыі могуць спыніць Пуціна, мяркуе прэзідэнт.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прыбыў у Брусель, дзе ў рамках рабочага візіту запланавана 11 двухбаковых сустрэч з лідарамі ЕС.
Перад пачаткам сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскай рады Херманам Ван Рампеем Парашэнка заявіў аб неабходнасці ўзмацнення міжнародных санкцый супраць Расійскай Федэрацыі.
"Санкцыі — гэта дзеянні, накіраваныя на дээскалацыю канфлікту", — цытуе кіраўніка дзяржавы Укрінфарм.
Прэзідэнт пацвердзіў, што ўкраінскі бок патрабуе больш санкцый супраць Масквы.
Парашэнка таксама сустрэўся з прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэлем Барозу.
Раней намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы паведаміў, што ў Бруселі Парашэнка правядзе 11 сустрэч з лідарамі ЕС і кіраўнікамі еўрапейскіх краін, возьме ўдзел у Еўрапейскай радзе кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў і ў саміце ЕНП (Еўрапейскай народнай партыі).
Прапановы новых санкцый супраць Расіі могуць быць прынятыя на пазачарговым саміце Еўрасаюза, які адбудзецца ў суботу, 30 жніўня, у Бруселі.