Парламент Арменіі ратыфікаваў Рымскі статут
Сцяг Арменіі
Парламент Арменіі ратыфікаваў Рымскі статут. Гэта азначае, што візіт Уладзіміра Пуціна ў краіну можа скончыцца для яго арыштам.
Апазіцыйныя фракцыі "Арменія" і "Гонар маю" байкатавалі абмеркаванне і пакінулі пасяджэнне, не прагаласаваўшы.
"Мы ведаем пазіцыю Масквы па гэтым пытанні, але Арменія будзе кіравацца ўласнымі інтарэсамі", — заявіў дэпутат Эдуард Агаджынян з партыі прэм'ера Нікола Пашыняна, якая падтрымала ратыфікацыю.
Цяпер Арменія абавязаная выдаваць тых падазраваных у злачынствах, супраць каго пачаў справу Міжнародны крымінальны суд (МКС). Як вядома, МКС выдаў ордары на кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна і дзіцячую амбудсменку Марыю Львову-Бялову: іх вінавацяць у датычнасці да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.
"Кавказский узел" нагадвае, што афіцыйны Ерэван падпісаў Рымскі статут у 1999 годзе ,але тады дакумент не быў ратыфікаваны, бо супярэчыў тагачаснай Канстытуцыі. Канстытуцыю Арменіі змянялі ў 2005 і 2015 гадах. Да працэсу ратыфікацыі Рымскага статуту зноў вярнуліся пасля 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.