Паслы ЕС у Славакіі адмовіліся ад цырымоніі, куды запрасілі дыпламатаў РФ і РБ

Мемарыяльны комплекс Славін у Браціславе

Мемарыяльны комплекс Славін у Браціславе / pixabay.com

Амбасадары краін ЕС адмовіліся ўдзельнічаць у цырымоніі ўскладання вянкоў з нагоды 79-й гадавіны вызвалення Браціславы, бо туды запрасілі дыпламатаў Беларусі і Расіі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца, піша "Позірк".

Цырымонія павінна адбыцца 4 красавіка ў мемарыяльным комплексе Славін. Напярэдадні акцыі Фіца на сваёй старонцы ў Фэцсбуку апублікаваў відэазварот, у якім назваў адмову еўрапейскіх дыпламатаў абуральнай. На яго думку, гэта непавага да "6845 воінаў Чырвонай Арміі, якія не змаглі вярнуцца дадому з Браціславы пасля яе вызвалення".

Фіца чацвёрты раз узначаліў урад Славакіі пасля таго, як 30 верасня мінулага года на парламенцкіх выбарах перамагла ягоная партыя "Кірунак — сацыяльная дэмакратыя". Пасля яго прыходу да ўлады Славакія дэманструе прарасійскую пазіцыю і робіць рэверансы ў бок афіцыйнага Мінска — хаця і пераважна на ўзроўні рыторыкі.

Пасля пачатку вайны ва Украіне дыпламатаў Расіі і Беларусі перасталі запрашаць на шэраг знакавых мерапрыемстваў. Японія адмовіла ім ва ўдзеле ў цырымоніі памяці ахвяр атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, Нобелеўскі камітэт адклікаў запрашэнне на ўручэнне прэміі. Таксама прадстаўнікоў Беларусі і Расіі не запрасілі на цырымоніі да гадавіны вызвалення нацысцкіх канцлагераў Бухенвальд і Мітэльбаў-Дора (Германеия), Маўтхаўзен (Аўстрыя), Асвенцім (Польшча).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі