Венгрыя і Славакія адмовіліся пастаўляць снарады Украіне

Снарады, ілюстрацыйнае фота

Снарады, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Кіраўнікі МЗС краін Вышаградскай чацвёркі не дасягнулі пагаднення ў поглядах на ваенную дапамогу Украіне. Прага і Варшава лічаць неабходным яе ўзмацніць, Будапешт і Браціслава выступаюць супраць, перадае DW.

Сустрэча міністраў замежных спраў Вышаградскай чавёркі прайшла ў Празе 21 сакавіка. Кіраўнік чэшскай дыпламатыі Ян Ліпаўскі заявіў, што ў інтарэсах усяго рэгіёну, каб расійская армія заставалася як мага далей ад яго межаў. Ён нагадаў, што да чэшскай ініцыятывы купіць для Украіны боепрыпасы з краін па-за межамі ЕС далучыліся 18 еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку Польшча. Яго падтрымаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Але кіраўнікі МЗС Венгрыі і Славакіі Петэр Сіярта і Юрай Бланар заявілі, што іх краіны не будуць пастаўляць зброю Украіне. Бланар заявіў, што канфлікт ва Украіне "не мае ваеннага развязання". Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Славакія моцна залежыць ад паставак газу і ядзернага паліва з Расіі.

Сіярта падкрэсліў, што Венгрыя "не пастаўляла і не будзе пастаўляць ні адну зброю Украіне". Ён назваў небяспечнымі заявы пра магчымы ўвод замежных вайсковых кантынгентаў ва Украіну.

Як распавядала Еўрарадыё, Венгрыя ўжо спрабавала блакаваць дапамогу ЕС для Украіны. У адказ Брусель прыгразіў падарваць эканоміку краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі