Пасля месяца арышту Алеся Круткіна асудзілі яшчэ на 15 сутак
26 лютага полацкі актывіст Алесь Круткін мусіў выйсці на волю пасля 30-сутачнага арышту. Аднак у гэты ж дзень ён затэлефанаваў сваёй маці з Лепеля і папрасіў звязацца з адвакатам. Хлопец паведаміў, што на яго склалі новы адміністрацыйны пратакол за нейкія студзеньскія падзеі, піша праваабарончы сайт "Вясна".
У выніку адвакат даведаўся, што ў сераду над актывістам адбыўся новы суд, які прысудзіў яму яшчэ 15 сутак арышту.
Папярэдні 15-сутачны тэрмін Круткін адбываў у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. Яго разам з Наталляй Спірыдонавай 12 лютага асудзілі за расклейку ўлётак на адміністрацыйных будынках. Спірыдонаву аштрафавалі (810 рублёў, або 30 базавых велічыняў), а Круткіна адправілі пад арышт. Падчас суда ён абвясціў галадоўку.
Да гэтага хлопец адбываў 15-сутачны арышт за ўдзел у снежаньскай акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.