Пасол Ізраіля гатовы сустрэцца з беларускімі апазіцыйнымі лідарамі
Каб абмеркаваць пытанне аб палітзняволеных.
Нагадаем, у інтэрв'ю тэлеканалау RTVI Іосіф Шагал заявіў, што ў Беларусі няма палітвязняў, а толькі крымінальнікі (потым у каментары агенцтву БелаПАН ён удакладніў, што замяніў бы слова "крымінальнікі" на азначэнне "людзі, асуджаныя па крымінальных артыкулах"). У адказ на гэта кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі заклікаў да байкоту ізраільскага амбасадара.
Сёння стала вядома, што лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў перадаў ізраільскаму амбасадару Іосіфу Шагалу кнігу "Голас волі з-за кратаў". Гэта зборнік твораў палітзняволеных розных гадоў, у тым ліку і Някляева.
Як патлумачыў палітык, ён спадзяецца, што Шагал зразумее "сапраўдныя палітычныя рэаліі Беларусі". Таксама Уладзімір Някляеў перадаў дыпламату ліст, адрасаваны прэм'ер-міністру Ізраіля. У ім ён просіць адказаць на пытанне, ці з'яўляецца нядаўняя заява амбасадара пра беларускіх палітзняволеных афіцыйнай пазіцыяй ізраільскай дзяржавы.
БелаПАН паведамляе, што Някляеў дамогся асабістай сустрэчы з амбасадарам. Па словах палітыка, Іосіф Шагал казаў, што "выйшла непаразуменне: ён сказаў адно, а журналісты зразумелі не так". Таксама дыпламат заявіў пра гатоўнасць сустрэцца ў любы час з лідарамі беларускай апазіцыі, каб "вызначыць пазіцыі".
Фота — bymedia.net