“Патлумач за сцяг”: дзе ў Польшчы могуць узнікнуць праблемы праз БЧБ
Спойлер: рэч не ў беларусафобіі
Польшча — гэта, вядома, не лукашэнкаўская Беларусь. Аднак і там у беларусаў могуць узнікнуць праблемы праз наяўнасць БЧБ-сцяга.
Тлумачым, чаму некаторым палякам можа не спадабацца наш нацыянальны сімвал і як унікнуць канфліктных сітуацый.
Наш бел-чырвона-белы… не толькі наш
“Бачыў у цэнтры натоўп з БЧБ-сцягамі. Гэта нашы ці не?” — паведамленні з такім зместам часта можна знайсці ў чаце беларусаў у Лодзі.
Рэч у тым, што ў гэтым польскім горадзе ёсць футбольны клуб ŁKS (Łódzki Klub Sportowy S.A). Так гістарычна склалася, што колеры каманды — белы і чырвоны. Больш за тое, сцяг клуба — бел-чырвона-белы. Яго прапорцыі толькі трошкі адрозніваюцца ад беларускага нацыянальнага сцяга, але ў астатнім ён выглядае амаль ідэнтычна.
“Прыехаў у Лодзь, сустрэў палякаў. Думаў, беларусы, але аказалaся, што фанаты ŁKS — клуб футбольны іх з такім жа сцягам. Думаю, не першы тут з такой гісторыяй”, — піша ўдзельнік таго ж чата беларусаў у Лодзі.
Гісторый ад беларусаў сапраўды хапае, але не ўсе з іх пазітыўныя:
“Як толькі пераехалі [у Лодзь] і засяліліся ў новую кватэру, вывесілі наш сцяг у акно. Вісеў некалькі месяцаў. Суседзі ўвесь гэты час неяк скоса на нас паглядалі. А потым уласніца кватэры папрасіла зняць, каб нам вокны не пабілі…”
Дык у чым праблема?
Рэч у тым, што ў гэтым польскім горадзе ёсць яшчэ адзін клуб — Widzew Łódź. Абедзве каманды гуляюць у “Экстралізе” (польскі аналаг беларускай Вышэйшай лігі).
Як гэта часцей за ўсё бывае, клубнае супрацьстаянне выходзіць за межы футбольнага поля. “Дэрбі” адбываецца і сярод фанатаў — заўзятары гэтых каманд ненавідзяць адно аднаго.
Лодзь негалосна падзеленая паміж фанатамі: ёсць раёны ŁKS і ёсць раёны “Відзэва”.
“Калі фанаты каля стадыёна спакойныя, то гэта зусім не значыць, што калі яны ідуць у звычайны вечар па "сваім" раёне і бачаць кагосьці з сімволікай "чужой" каманды, то нічога не адбудзецца. У мяне ёсць не адзін жывы прыклад канфліктаў кшталту: "У цябе бірулька ад ключоў ŁKS. Ідзі сюды, пагаворым”, — піша яшчэ адзін карыстальнік.
На шчасце, гісторый пра збіццё беларусаў за БЧБ у мясцовым чаце мы не знаходзім. Тамсама пішуць, што ўсе канфліктныя сітуацыі ўдаецца вырашыць з дапамогай дыпламатыі. Аднак новым беларусам у Лодзі ўсё адно раяць не свяціць “варожымі колерамі” ў раёнах фанатаў “Відзэва”. На ўсялякі выпадак.
Дарэчы, сцяг “Відзэва” — чырвона-бела-чырвоны. Шпацыр па Лодзі са сцягам Латвіі тэарэтычна таксама можа скончыцца канфліктам, аднак ужо з фанатамі ŁKS. Мейце на ўвазе!
Ты з якога раёна?
У інтэрнэце нават можна знайці неафіцыйную карту падзелу Лодзі на зоны ўплыву фанацкіх груповак. Паводле яе, заходняя частка горада “належыць” бел-чырвона-белым, усходняя — чырвона-бела-чырвоным.
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць
Варта таксама памятаць, што папрасіць “патлумачыць за сцяг” могуць не толькі ў Лодзі. У фанатаў ŁKS хапае ворагаў за межамі роднага горада. Гэта заўзятары такіх клубаў, як Ruch Chorzów, Legia Warszawa, Arka Gdynia, Zagłębie Lubin, Stomil Olsztyn, Stal Rzeszów i Elana Toruń.
Калі, напрыклад, вырашыце наведаць матч у Варшаве легендарнай “Легіі” па схеме “БЧБ”, майце на ўвазе, што вас могуць прыняць за заўзятара непрыязнага клуба з Лодзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.