Патрабаванні да "адзінага" ад апазіцыі — здаць 500 еўра і набраць 100 балаў
Пяць апазіцыйных партыяў аб'ядналіся для выбару адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Працэдура выбару была абвешчаная на прэс-канферэнцыі ў мінскім гатэлі Crown Plaza 27 студзеня.
Пра аб'яднанне паведамілі рух "За Свабоду", аргкамітэт БХД, АГП, БСДП "Грамада", партыя БНФ. Партыя "Зялёныя" да працэдуры не далучылася, але яе лідар Дзмітрый Кучук прысутнічаў на прэс-канферэнцыі.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі прыгразіў байкотам, калі адзіны кандыдат не будзе зарэгістраваны.
Для выбару будуць выкарыстоўвацца як онлайн-галасаванне, так і афлайн-метады.
Для ацэнкі кандыдатаў на праймерыз будзе выкарыстоўвацца бальная сістэма. Агулам на ўсіх іх вылучана сто балаў.
Кожная партыя атрымае па 2 "стартавыя" балы.
30 балаў выстаўленыя на інтэрнэт-галасаванне: за кандыдатаў можна будзе прагаласаваць на адмысловым сайце. Яшчэ 30 балаў будуць залежаць ад паездак па рэгіёнах. А лёс апошніх 30 будзе вырашаны на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, дзе кожная партыя будзе мець па 100 прадстаўнікоў, а асацыяваныя сябры — па 25.
Таксама ўсе ўдзельнікі праймерыз абавязаны зрабіць унёсак у эквіваленце 500 еўра. Гэтыя грошы пойдуць на арганізацыю праймерыз.
Спіс прэтэндэнтаў на "адзінага" агучаць 4 сакавіка. Анлайн-галасаванне будзе праходзіць па 30 сакавіка. Кангрэс дэмакратычных сіл плануецца правесці паміж 15 і 30 траўня.
Дарэчы, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў на прэс-канфкрэнцыі прапанаваў адразу вылучыць адзіным кандыдатам сустаршыню БХД Паўла Севярынца. Праўда, падтрымкі ў калег не знайшоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.