Паўла Вінаградава будуць судзіць за флэшмоб каля падатковай
4 лютага ў Маскоўскім РУУС сталіцы на Паўла Вінаградава склалі пратакол за ўдзел у несанкцыяванай акцыі. Пра гэта актывіст паведаміў у сваім фэйсбуку. "Ветліва прасілі больш акцый не праводзіць. Я ветліва прасіў у адказ тры мільёны долараў і верталёт. Не далі, але я павінен быў паспрабаваць", — пажартаваў Павел, апісваючы сітуацыю.
5 лютага а 12-й гадзіне ў Маскоўскім судзе Мінску адбудзецца адміністрацыйны суд над Вінаградавым. Актывіст мяркуе, што яго хутчэй за ўсё пакараюць штрафам.
Як паведамлялася раней, 29 студзеня Вінаградаў з паплечнікамі прынёс да падатковай інспекцыі па Мінску труну з надпісам "У труне мы бачылі вашы падаткі". У каментары Еўрарадыё актывіст патлумачыў, што такім чынам ён ставіў сацыяльны эксперымент: як улады будуць рэагаваць на вулічныя акцыі ў той час, пакуль чакаюць крэдыт ад МВФ і рашэнне наконт санкцыяў ад Еўрасаюза.