Паўночны пасёлак у Мінску хочуць знесці: будзе грамадскае абмеркаванне

Паўночны пасёлак у Мінску хочуць знесці: будзе грамадскае абмеркаванне

Паўночны пасёлак у Мінску хочуць знесці — згодна з праектам, пад бульдозер пойдуць 69 прыватных сядзібаў, а замест іх пабудуюць шматкватэрныя дамы, таўнхаўсы, шматфункцыянальны комплекс і паркінгі.

Як піша TUT.by, у адміністрацыі Заводскага раёна 21 сакавіка пройдзе грамадскае абмеркаванне аб’екта “Горадабудаўнічы праект дэтальнага планавання тэрыторыі ў межах вуліц Ангарскай — Байкальскай — Герасіменкі — Несцерава”.

Запраектаваны раён займае тэрыторыю ў 183,8 гектараў. Тут размешчаная ў асноўным прыватная забудова, жыхары якой два гады таму збіралі подпісы супраць зносу ў межах вуліцы Арцёма — завулка Грыбнога і вуліц Байкальскай — Іркуцкай — Хабараўскай. Іх дамы пакуль стаяць.

Гэта новы праект наконт перабудовы Паўночнага пасёлка. Мяркуецца, што пасля зносу застанецца 1447 прыватных дамоў. Таксама плануецца забудова вольных участкаў, якія пакуль неэфектыўна выкарыстоўваюцца пад агароды.

Праектныя матэрыялы будуць выстаўленыя з 19 сакавіка па 2 красавіка ў будынку адміністрацыі Заводскага раёна. Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 19 сакавіка па 12 красавіка. Прэзентуюць матэрыялы 21 сакавіка ў 18.00 у памяшканні сярэдняй школы №172 па вуліцы Ахоцкай, 141.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі