Павел Севярынец атрымаў яшчэ два штрафы за акцыю салідарнасці

Павел Севярынец атрымаў яшчэ два штрафы за акцыю салідарнасці

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец двойчы аштрафаваны судом Фрунзенскага раёна Мінска за ўдзел у акцыі салідарнасці падчас крымінальнага працэсу над блогерам Эдуардам Пальчысам. Як паведаміў палітык БелаПАН, копіі пастаноў ад 22 і 23 лістапада ён атрымаў па пошце, бо судовыя пасяджэнні ігнаруе.

У абодвух выпадках штраф на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) склаў 50 базавых велічынь (1050 рублёў). Такім чынам, Севярынец ужо аштрафаваны паводле трох пратаколаў, складзеных падчас працяглай акцыі, агульная сума штрафаў складае 3150 рублёў. Пры гэтым не разгледжанымі застаюцца яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да палітыка, складзеныя ў дні акцыі.

"Думаю, калі гэтых "суддзяў" будуць саміх судзіць за беззаконне часоў дыктатуры, ніхто не будзе прыходзіць пад вокны з лозунгамі салідарнасці і сцягамі", — пракаментаваў Севярынец рашэнні суда.

Акцыя ў падтрымку стваральніка блога 1863x.com Эдуарда Пальчыса ля сцен Мінгарсуда, дзе разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да яго, пачалася 14 кастрычніка і аднаўлялася штодня да 24 кастрычніка ў тыя дні, пакуль ішоў працэс у закрытым рэжыме. 28 кастрычніка Пальчыс быў прызнаны вінаватым у распальванні варожасці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў і прыгавораны да аднаго года дзевяці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Ён быў вызвалены ў зале суда. Беларускія праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі