Педыятр: Анафілактычная рэакцыя можа быць на любы з кампанентаў прышчэпкі

Педыятр: Анафілактычная рэакцыя можа быць на любы з кампанентаў прышчэпкі

31 траўня ў гродзенскай дзіцячай паліклініцы №1 пасля прышчэпкі ад адру, паратыту і краснухі памерла шасцігадовая дзяўчынка. Следчы камітэт праводзіць шэраг экспертыз па факце здарэння. Вядома, што вакцына, якую ўвялі дзяўчынцы, зробленая ў Бельгіі і з 2014 года выкарыстоўваецца беларускімі медыкамі.


На думку сталічнага педыятра Вольгі, смерць дзяўчынкі наўрад ці звязаная з якасцю вакцыны. Хутчэй за ўсё, мае месца індывідуальная непераноснасць кампанентаў прышчэпкі:


"У склад вакцыны ўваходзіць шмат розных кампанентаў, у тым ліку яйкавы бялок, некаторыя антыбіётыкі, стабілізатары. Таму можа быць анафілактычная рэакцыя на любы з кампанентаў".


Прышчэпка супраць адру, паратыту і краснухі прапісаная ў календары прафілактычных прышчэпак Беларусі. Спачатку яе робяць у 12 месяцаў, паўторна — перад школай, у 6 гадоў. Як перанесла дзяўчынка першую прышчэпку, калі ёй быў год, высвятляе следства.


"Не факт, што калі дзяўчынцы было 12 месяцаў, ёй уводзілі тую ж вакцыну — вакцына бывае розная, — працягвае Вольга. — Хутчэй за ўсё, гэта індывідуальная рэакцыя дзіцяці".


Нагадаем, па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека, Следчым камітэтам распачатая крымінальная справа. Праверку правільнасці дзеянняў медперсанала праводзіць і Міністэрства аховы здароўя.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі