Перакладчык Муракамі патлумачыў, як кансайскі дыялект ператварыўся ў трасянку
У расійскім выдавецтве "Эксмо" выйшла новая кніга апавяданняў Харукі Муракамі "Мужчыны без жанчын" у перакладзе Андрэя Замілава. У адным з апавяданняў, "Yesterday", герой размаўляе на кансайскім дыялекце японскай мовы. У рускім перакладзе кансайскі дыялект ператварыўся... у трасянку — змяшаную беларуска-рускую форму маўлення.
— Из дома? — переспросил я. — Я как-то даже не сомневался, что ты из Кансая.
— Не-не, я нарадзиуся и вырас там жа — в Дэнъэн-Цёфу.
Услышав это, я несколько обалдел.
— Тогда почему говоришь на кансайском?
— Вывучыу на вопыте. Сабраушысь з духам.
— В смысле?
— Ну, як бы прылежна вучыуся. Запаминау глаголы, сушчаствительныя, ударэнни. Прымерна так жа, як вучат ангельский ти хранцузский. Некальки разоу ездзиу пракцикавацца у Кансай.
Расійскі перакладчык Андрэй Замілаў, які жыве ў Японіі, пакуль пазбягае ўвагі беларускіх СМІ. Але з літаратарам Алесем Плоткам ён усё ж пагутарыў, і нават дазволіў апублікаваць адказ на пытанне: чаму менавіта ў беларускай трасянцы, а не, напрыклад, сібірскай балачцы, знайшліся словы для перакладу кансайскага дыялекту.
"Прызнацца, нават не думаў, што гэта выкліча падобную рэакцыю, — распавёў Замілаў. — Проста трэба было паставіць рускамоўнага чытача ў сітуацыю, калі ён разумее, але не так гладка, як калі б на роднай мове. Пастараліся [перадаць трасянку. — Еўрарадыё] розныя людзі, у тым ліку беларускія філолагі. Так што трасянка ў тым апавяданні — прадукт калектыўны".
"Мужчыны без жанчын" — зборнік апавяданняў пра мужчын, якіх па тых ці іншых абставінах пакінулі жанчыны, ці якія згубілі сваё каханне.