“Перамовы па Украіне ў тупіку — Мінску трэба пачынаць кіраваць працэсам”

“Перамовы па Украіне ў тупіку — Мінску трэба пачынаць кіраваць працэсам”

Чаго за год працы здолелі дасягнуць перамоўшчыкі з Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, спрабуюць асэнсаваць эксперты на канферэнцыі ў Мінску. Сярод запрошаных да ўдзелу ў “Мінскім дыялогу” — вядомыя палітолагі з Украіны, Расіі, Германіі, Францыі і Беларусі. Падсумоўваюць, што выканана з 13 пунктаў “Мінскіх пагадненняў”.

Адкрыць канферэнцыю прыязджае міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімер Макей. У кулуарах яшчэ да пачатку мерапрыемства цікавімся яго меркаваннем: ці выконваюцца дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці?

Уладзімір Макей: “Зразумела, хацелася б, каб гэтая група дасягнула больш пазітыўных вынікаў… Ведаеце, калі канфлікт дайшоў да такой высокай кропкі напружання, дасягнуць імгненных вынікаў вельмі складана. Трохбаковая кантактная група робіць выдатную справу, вырашаючы пытанні хай павольна, але пастаянна і я бачу, што ў яе ёсць перспектывы”.

Паглыбляцца ў падрабязную ацэнку, якія пункты “Мінскіх пагадненняў” і на колькі адсоткаў былі выкананыя ці не выкананыя Уладзімір Макей асцерагаецца. І адразу дае зразумець, што беларускі бок у гэтым працэсе не больш, як уладальнік пляцоўкі — танчаць на ёй іншыя.

“Нам часам прыходзяць папрокі, што мы павінны рабіць тое ці нешта іншае, але гэта будзе азначаць наша ўмяшальніцтва ў дзейнасць Кантактнай групы. У іх ёсць дакладны фармат, свой рэгламент працы і таму мы гатовыя забяспечыць сакратарыяцкія, арганізацыйныя, пратакольныя функцыі, прадставіць нейкую матэрыяльную дапамогу ў працы Кантактнай групы, не ўмешваючыся ў змест яе працы. Але калі нас папросяць нешта зрабіць, то мы заўжды адгукнёмся”.

Гэтак жа асцярожна выказваецца і Спецыяльны прадстаўнік Дзеючага старшыні АБСЕ ў Кантактнай групе Марцін Сайдзік. На пытанне Еўрарадыё, чаму не выкананы ніводзін з пунктаў “Мінскіх дамоўленасцяў”, ён запэўнівае, што прагрэс ёсць.

Марцін Сайдзік: “Нельга казаць, што ніводны пункт не выкананы — яны выкананыя часткова. Мы маем пэўныя поспехі. Ёсць значнае зніжэнне колькасці ахвяр, у прыватнасці, сярод цывільнага насельніцтва”.

Цікаўлюся, як на эфектыўнасць працы Кантактнай групы паўплывала змена прадстаўніка Расіі (цяпер на пасяджэнні з Масквы прылятае набліжаны да кіраўніка Расіі Барыс Грызлоў)?

“Гэта вельмі складанае пытанне… — нават крыху губляецца Марцін Сайдзік. — Я казаў, што гэта вельмі важны крок, і ён паказвае, што цяпер Расія ўспрымае працу нашай Кантактнай групы вельмі сур’ёзна”.

Зыходзячы з таго, што Грызлова прызначылі спецпрадстаўніком толькі 26 снежня 2015 года, вынікае, што раней да працы Кантактнай групы і распрацаваных ёй дамоўленасцяў у Расіі ставіліся не вельмі сур’ёзна. Як вынік, канстатуе ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка, толькі некалькі з 13 пунктаў “Мінскіх дамоўленасцяў” выкананыя часткова, але большасць і не спрабавалі пачынаць выконваць. Прычым, абодва бакі.

“Перамовы па Украіне ў тупіку — Мінску трэба пачынаць кіраваць працэсам”

Уладзімір Фясенка: “Пешы пункт — “спыненне агню”. Ён не выкананы, агонь працягваецца, хоць інтэнсіўнасць яго зменшылася. Далей — адвод цяжкага ўзбраення. Фармальна гэта адбылося. Гэта адна з частак пагаднення, якая была выкананая, але зноў не ў поўным аб’ёме. “Памілаванне і амністыя за ўдзел у падзеях на Данбасе” — не выканана. Адразу скажу, правесці адпаведны заканадаўчы акт праз парламент Украіны будзе вельмі складана, калі не немагчыма. “Вызваленне закладнікаў і палонных” — выканана часткова. Пункт, які цалкам не выкананы і па якім мы не ведаем, ці ідуць перамовы, — “Вывад замежных узброеных фарміраванняў”. Расія адмаўляе прысутнасць сваіх рэгулярных ваенных фарміраванняў у зоне канфлікту, але расійскія ваенныя там ёсць: па ацэнках украінскага боку і заходніх экспертаў — каля сямі тысяч”.

І так па ўсіх 13 пунктах: выканана часткова ці не выконваецца ўвогуле. Усе ўдзельнікі перамоў упэўненыя, што іх трэба працягваць, трэба далей ісці па гэтым шляху, але і выканаць дасягнутыя дамоўленасці бакі не могуць. Найперш таму, што звычайныя людзі па абодва бакі “фронту” сёння не гатовыя да прымірэння. Таму, упэўнены Фясенка, трэба акцэнтаваць увагу на выкананні патрабавання аб поўным спыненні агню. Толькі пасля гэтага можна спрабаваць выконваць нейкія іншыя пункты.

Прадстаўнік Расіі, эксперт Расійскага савета па міжнародных справах Аляксандр Гушчын падтрымлівае Уладзіміра Фясенку ў яго ацэнцы выканання “Мінскіх дамоўленасцяў”. Прычым, расійскі эксперт не абвінавачвае ў зрыве працэсу ўкраінскі бок, не апраўдвае кіраўніцтва так званых ДНР/ЛНР і ўскосна прызнае, што рашэнне залежыць ад пазіцыі Крамля. А ва ўмовах “антырасійскіх санкцый” разлічваць на станоўчыя зрухі не даводзіцца.

Аляксандр Гушчын: “Відавочна, што санкцыі негатыўна ўплываюць на расійскую эканоміку — гэта факт. Але калі дзейнічаць па гэтай логіцы, то я думаю, што пра нейкія сур’ёзныя перспектывы па выхадзе з той складанай сітуацыі, якую мы маем сёння, то пра гэтыя перспектывы давядзецца забыць на дастаткова працяглы час”.

Праграмны дырэктар па Беларусі Фонда імя Конрада Адэнаўэра Вольфганг Зэндэр упэўнены, на Данбасе мы сёння бачым не проста канфлікт Украіны і Расіі, але канфлікт Усходу і Захаду. “Не проста “Мінск-2” не працуе — мы згубілі Расію ў Вялікай васьмёрцы, не працуюць яшчэ некалькі механізмаў супрацоўніцтва. Не хочацца думаць, што мы рухаемся назад да Халоднай вайны”. І робіць нечаканую прапанову Мінску: не проста прадстаўляць пляцоўку для перамоў, а ўзяць на сябе кіраўніцтва працэсам, дзейнічаць больш актыўна.

“Перамовы па Украіне ў тупіку — Мінску трэба пачынаць кіраваць працэсам”

Вольфганг Зэндэр: “Для гэтага ёсць тры перадумовы. Найперш, інтэнсіфікацыя адносінаў з інстытутамі, якія цяпер маюць дрэнныя адносіны з Расіяй — Еўрасаюз і NATO. Далей, неабходная будзе эканамічная дапамога Беларусі, каб даць ёй магчымасць развіваць дыпламатычныя ініцыятывы і даць Беларусі большую магчымасць канцэнтравацца на дыпламатыі. І Захаду трэба зняць санкцыі з Беларусі, каб даць ёй магчымасць вырашаць канфлікт. Гэта тыя тры перадумовы, якія дазволяць Беларусі стаць кіраўніком дыялогу”.

Далей абмеркаванне працягваецца ў “закрытым рэжыме” без удзелу журналістаў. Нібыта, каб удзельнікі канферэнцыі адчувалі сябе больш разняволена. Ці, можа, каб мы не было сведак “сілавых дыскусій”… Тым не менш, карыстаюся магчымасцю пацікавіцца меркаваннем дарадцы прэзідэнта Украіны Ігара Смяшко наконт будучыні “Мінска-2”.

Ігар Смяшко: “Мінскі фармат” першапачаткова быў закладзены такім чынам, што ён не можа вырашыць тыя пытанні, якія ў ім запісаныя. Трэба пераходзіць на іншы фармат. Відавочна, што гэта фармат па нашым заканадаўстве — гэта адзіны фармат”.

І дадае, што склад удзельнікаў Кантактнай групы павінен быць пашыраны: туды неабходна дадаць ЗША і Еўрасаюз. Будзе гэта ці не, адказу няма, але вядома, што ад перамоў ніхто адмаўляцца не хоча. Як не хочуць і “замарожанага канфлікту ў цэнтры Еўропы”, што правакацыйна прапануе ўдзельнікам канферэнцыі беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч. Маўляў, сітуацыю неабходна вырашаць канчаткова. Толькі як — ніхто не ведае.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі