Першы энергаблок БелАЭС выведзены на 100% магутнасці — Мінэнерга

Беларуская АЭС / Еўрарадыё
Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі выведзены на намінальны ўзровень магутнасці, паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства энергетыкі Беларусі. Гэта адбылося 12 студзеня ў 19:57.

"Цеплавая магутнасць блока складае 3200 МВт, электрычная магутнасць — 1170 МВт", — паведамілі ў Мінэнерга.  На гэтым узроўні магутнасці будуць працягнутыя статычныя і дынамічныя выпрабаванні, як гэта прадугледжана праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі.

Пасля завяршэння выпрабаванняў на працягу 15 сутак мусіць прайсці "комплекснае апрабаванне абсталявання і сістэм энергаблока на намінальнай магутнасці". І толькі пасля гэтага прыёмачная камісія зможа ўвесці энергаблок у прамысловую эксплуатацыю.

Між тым не да канца зразумелым застаецца пытанне збыту электраэнергіі, атрыманай на БелАЭС. Літва неаднаразова заяўляла, што згорне імпарт беларускай электраэнергіі, калі БелАЭС, якую ў Вільні лічаць небяспечнай, запрацуе. Найбліжэйшым часам Літва падрыхтуе план поўнай блакады электраэнэргіі з БелАЭС, казаў днямі міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс. У Мінэнэрга Беларусі ў сваю чаргу заяўляюць, што БелАЭС "будуецца перш за ўсё для беларускага спажыўца", таму байкот яе электраэнэргіі ў ЕС не страшны.

Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб магчымасці будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС. На яго думку, гэта забяспечыла б краіне незалежнасць ад газавага "манапаліста". З уводам жа БелАЭС, на яго думку, у Беларусі можна будзе будаваць фермы і майніць біткоіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі