Першы віцэ-прэм'ер абяцае падкарэктаваць указ №222 па працы ІП

Першы віцэ-прэм'ер абяцае падкарэктаваць указ №222 па працы ІП

Указ № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" будзе адкарэктаваны. Пра такія планы ўрада паведаміў у праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын

"Трошку або нават не трошку", — так абазначыў чыноўнік планы наконт карэктавання ўказа. 

Указ №222 пачаў дзейнічаць са студзеня 2016 года. Згодна з ім, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць імпартнымі таварамі лёгкай прамысловасці, абавязаныя абзавесціся суправаджальнымі дакументамі.

ІП просяць улады ўвесці мараторый на падачу поўнага пакета дакументаў, неабходнага паводле ўказа. Таксама яны прапануюць навесці парадак у дакументаабароце ў Расіі. Калектыўны зварот, пад якім падпісаліся амаль 7000 чалавек, прадпрымальнікі перадалі кіраўніку дзяржавы ў студзені.

"Мы з Міністэрствам па падатках і зборах зробім агульны парадак. Ёсць таварна-транспартныя накладныя і іншыя дакументы, якіх цалкам дастаткова, каб правяраць легальнасць увозу тавару на тэрыторыю нашай краіны", — паведаміў Турчын.

Абмеркаваць гэтае пытанне з прадстаўнікамі бізнэсу плануецца на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва 27 лютага.

Завяршыць працу над зменамі ва ўказ плануецца ў першай палове 2019 года. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі