Пінская школьніца адбілася ад рабаўніка
Жыхар Пінска звярнуўся ў мясцовую міліцыю з паведамленнем, што каля дома на яго непаўналетнюю дачку напаў невядомы мужчына і хацеў скрасці сумку. Пра гэта піша прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама.
На месца здарэння неадкладна выехалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку і следча-аператыўная група. Дзяўчына распавяла, што ішла дадому, калі на яе нечакана напаў невядомы і спрабаваў вырваць сумку. Яна дала адпор нападніку, і той уцёк. Пінчанка падрабязна апісала яго знешнасць.
Па гэтым апісанні праз некалькі хвілін каля бліжэйшай крамы праваахоўнікі затрымалі маладога чалавека. Гэты быў 20-гадовы мясцовы жыхар.
Малады чалавек распавёў, што спрабаваў абрабаваць дзяўчыну, каб здабыць грошы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.