Пісьменнік Анатоль Кудласевіч: "ГУБАЗ казаў: вы зомбі бчбшныя, хочаце крыві"

Пісьменнік Анатоль Кудласевіч: "ГУБАЗ казаў: вы зомбі бчбшныя, хочаце крыві"

Бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч, якога затрымалі і пазней аштрафавалі на 2900 рублёў за БЧБ-сцяг на акне, распававёў падрабязнасці свайго затрымання.

Па словах Кудласевіча, калі 29 верасня яму пагрукалі ў кватэру са словамі "Адкрывайце, міліцыя!", ён адразу адкрыў дзверы. У дом уляцелі чатыры чалавекі з ГУБАЗіКа ў экіпіроўцы і бронекамізэльках. Кудласевіча прымусілі легчы на падлогу, на рукі мужчыны надзелі кайданкі.

Падчас ператрусу, па словах затрыманага, сілавікі "проста рылі ўсё, зрывалі, ламалі".

"Гітару разбілі: убачылі на ёй бела-чырвона-белы матузок і з крыкам "Гэта бчбшная гітара!" — бах! бах! яе. Я нават сказаў: ты што робіш, гітара старэйшая за цябе, сумлення ў вас няма! То мяне адзін раз нават ударылі далонню", — распавёў пісьменнік.

Мужчыну таксама прымусілі зфатаграфацца з бчб-сімволікай, у тым ліку з дынамаўскім шалікам, на якім была Пагоня. Пасля яго павезлі ў будынак ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай.

"Пагаварылі там са мною, пераконвалі: вы, бэчэбэшнікі, зомбі ўсе, хочаце рэвалюцыі, крыві, вайны… А я свае аргументы ім", — сказаў пісьменнік.

Кудласевіч мае інваліднасць другой групы — у яго выдаленае адно лёгкае. Таксама ў мужчыны праблемы з ціскам. Негледзячы на гэта, пісьменніка ноч да суда ўтрымлівалі на Акрэсціна.

Як паведамляла Еўрарадыё, у сераду жонка Кудласевіча прыйшла з працы і ўбачыла, што дома пагром, а яе мужа няма. Пазней стала вядома, што Анатоль быў затрыманы і аштрафаваны.

У 2020-м Кудласевіч правёў 10 сутак за кратамі, а сёлета вясной у яго кватэры прайшоў ператрус у сувязі са справай Мікалая Аўтуховіча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі