Польшча прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак з вайскоўцамі
Польшча мае намер прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ). Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве МЗС і Мінабароны краіны. Гэтая пастанова будзе прынятая ў адказ на дэнансацыю ДЗУСЕ Расіяй, а таксама ў адказ на яе напад на Украіну.
У заяве польскіх міністэрстваў гаворыцца, што Расія не выконвае свае абавязацельствы па ДЗУСЕ з 2007 года — у тым годзе Масква ўвяла мараторый на дзеянне Дамовы . А летась "Расія пры ўдзеле Беларусі здзейсніла чарговы акт грубага парушэння забароны на прымяненне сілы супраць Украіны, яшчэ адной дзяржавы-удзельніка ДЗУСЕ". Сёння Расія завяршыла працэдуру выхаду з Дамовы і перастала быць бокам гэтага пагаднення.
"У гэтых умовах, якія ўяўляюць сабой фундаментальнае змяненне абставінаў у параўнанні з тымі, якія існавалі на момант заключэння гэтага міжнароднага пагаднення, Рэспубліка Польшча не можа заставацца абавязанай выконваць ДЗУСЕ", – гаворыцца ў заяве МЗС і Мінабароны Польшчы. Як адзначаюць аўтары заявы, Польшча распачне афіцыйныя дзеянні па прыпыненні дзеяння ДЗУСЕ ў дачыненні да ўсіх яго палажэнняў і на нявызначаны тэрмін.
"Гэта азначае, што Рэспубліка Польшча не будзе ні юрыдычна, ні практычна абавязаная выконваць палажэнні ДЗУСЕ, у тым ліку абмежаванні, якія тычацца польскіх узброеных сіл", – гаворыцца ў заяве.
Раней Варшава, а таксама Прага прыпынілі дзеянне ДЗУСЕ ў дачыненні да Беларусі, а Мінск у адказ — у дачыненні да Польшчы і Чэхіі. Нагадаем, першапачаткова ўдзельнікамі дагавора, які быў падпісаны ў лістападзе 1990 года ў Парыжы, былі 16 дзяржаў-удзельніц НАТА і 6 дзяржаў-удзельніц Арганізацыі Варшаўскай дамовы (Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславакія). Пасля распаду СССР, роспуску АВД, падзелу Чэхаславакіі і аб'яднання Германіі ўдзельнікамі ДЗУСЕ сталі 30 дзяржаў, у тым ліку ўсе былыя савецкія рэспублікі. Пазней — у сувязі з уступленнем шэрагу былых членаў Варшаўскай дамовы ў НАТА — палажэнні Дамовы перагледзелі, яе адаптавалі пад новыя рэаліі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.